Жніво ў вобласці ідзе поўным ходам
Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць запатрабаваў перастаць закупляць імпартную сельгастэхніку, аналагі якой вырабляюцца ў Беларусі. «Нам трэба перастаць купляць імпартную тэхніку», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, імпартная тэхніка добра працуе, але праз некалькі гадоў пачынае «сыпацца», а запчасткі для яе дорага каштуюць. «Калі важна кожная гадзіна, імпартны камбайн можа прастойваць некалькі дзён у чаканні падвозу дэталей. Гэта свавольства з імпартнай тэхнікай трэба заканчваць. Нашы камбайны не горшыя, падымаюць збожжа яны не горш. Трэба купляць айчынныя, гэта скорасць, тэмпы, і ёсць з каго спагнаць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Прэзідэнту губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар, уборка ў рэгіёне ідзе поўным ходам. Аграрыі выйшлі на тэмпы больш як па 5 працэнтаў запланаванай плошчы штодзень. Плануецца, што асноўную масу збожжа ў Брэсцкай вобласці ўдасца ўбраць праз 12-15 дзён.
Наведваючы адно з палёў ААТ «Агра-Каля-дзічы» з азімым трыцікале, Прэзідэнт даў высокую ацэнку атрыманаму ўраджаю. «Поле ідэальнае, размовы няма», — сказаў ён. У час размовы з кіраўніцтвам гэтага сельгаспрадпрыемства было адзначана, што калі правільна наладзіць тэхналагічны працэс, то, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, можна атрымліваць добрыя ўраджаі.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў працу камбайнераў, якія ў гэтыя ў прамым сэнсе слова гарачыя дні працуюць на палях. «Мы ім дзякуй яшчэ скажам на «Дажынках», але яны проста героі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў тое, аб чым гаварыў 23 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць: цяпер неабходна сканцэнтраваць сілы на ўборцы кукурузы.»Збожжа мы ўбяром, але калі страцім кукурузу, то будзем з сярэдненькімі кармамі», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб развіцці сельгасвытворчасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць больш інтэнсіўнай работы па прыцягненні ў сельскую мясцовасць інвестараў і бізнес.
Асобна Прэзідэнт закрануў стан меліяраваных зямель паблізу Белавежскай пушчы. Паводле яго слоў, частка з іх знаходзіцца ў дрэнным стане і выкарыстоўваецца неэфектыўна. У прыватнасці, ён указаў на неабходнасць устаноўкі агароджы для аховы ўраджаю ад дзікіх жывёл. «Трэба прывесці ў парадак гэтыя землі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці асобнай тэмы ў размове былі ўзняты пытанні аб перапрацоўцы малака, у тым ліку з прыцягненнем інвестараў. У двух раёнах рэспублікі — Шклоўскім (Магілёўская вобласць) і Пружанскім (Брэсцкая вобласць) праводзіцца эксперымент па стварэнні малочнасыра-вінных зон. У рамках гэтага эксперыменту на беларускі рынак была дапушчана буйная расійская кампанія «Юнімілк». У бліжэйшы час у Пружанскім раёне гэта кампанія плануе стварыць лінію па вытворчасці ёгуртаў, якія Беларусь сёння імпартуе. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні, якое заключаецца ў неабходнасці забеспячэння максімальнай глыбіні перапрацоўкі малака, каб прадукцыю можна было пастаўляць на экспарт. Акрамя таго, умовай работы ў Беларусі з’яўляецца не толькі стварэнне дадатковых магутнасцей па пера-працоўцы малака, але і развіццё сыравіннай базы. «Жывёла, даільныя апараты і фермы — у гэта няхай укладваюць. Проста так пускаць людзей, якія забяруць сыравіну, — гэта злачынства. Галоўнае – гэта глыбіня перапрацоўкі, а ўся прыбаўка малака павінна ісці на экспарт, малочных прадуктаў нам тут хапае», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У Пружанскім раёне ў рамках эксперыменту пагалоўе кароў плануецца павялічыць у два разы, паралельна ствараючы новыя фермы. Калі эксперымент у абодвух раёнах дасць добрыя вынікі, такі падыход будзе распаўсюджаны на ўсю рэспубліку.
Далей Кіраўнік дзяржавы наведаў кукурузнае поле, дзе азнаёміўся з вынікамі вырошчвання гэтай культуры з насення беларускай селекцыі. Прэзідэнт даў высокую ацэнку ўбачанаму. Як далажыў Кіраўніку дзяржавы Канстанцін Сумар, рэгіён поўнасцю забяспечвае сябе насеннем кукурузы ўласнай вытворчасці. Раней яго даводзілася закупляць за мяжой, і насенне айчыннай селекцыі ўжо дало магчымасць зэканоміць каля 3,5 млн. еўра.
БЕЛТА.