“Вечарніца” спявала, Моталь услаўляла

Навасёлкаўскія артысты на мотальскай сцэне.

9 і 10 жніўня Моталь, што ў Іванаўскім раёне, шчыра сустракаў гасцей і ўдзельнікаў VI міжнароднага кулінарнага фестывалю “Мотальскія прысмакі”.

На 2 дні аграгарадок пераўтварыўся у вялікі гандлёвы цэнтр пад адкрытым небам. Тут можна было пачаставацца знакамітымі прысмакамі, прадэгуставаць стравы, прыгатаваныя па старажытных рэцэптах лепшымі гаспадынямі. А яшчэ наведаць пляцоўкі для дзіцячых гульняў, атракцыёны. А з якім нецярпеннем заўсёды чакаюць песень, танцаў, гумарэсак у выкананні самадзейных выканаўцаў і калектываў. На фестываль прыязджае нямала жадаючых паўдзельнічаць у народных абрадах і гульнях, падзівіцца на вырабы народных умельцаў.

Сёлета ўпершыню быў запрошаны на фестываль народны клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК. Выступаючы з мотальскай сцэны, самабытны калектыў з Ляхавіччыны не згубіўся, гучаў творча, цікава, неаднойчы зрываючы апладысменты гледачоў.

Гэта было не адзінае выступленне клуба: у пасляфестывальнай частцы на “біс” прайшла песенна-гульнёвая праграма “Вечарніца спявае, гуляе ды Моталь услаўляе”. Самадзейныя артысты з Навасёлак ведаюць, як захапіць сваёй творчасцю людзей розных узростаў, і паспяхова гэта робяць — заўсёды па-новаму, арыгінальна і весела. Таму і водгукі на выступленне былі самыя добразычлівыя і выдатныя, неаднойчы гучала “прыязджайце да нас яшчэ”. Як адзначыла мастацкі кіраўнік “Вечарніцы” Таццяна Пішч, такія фестывалі – унікальная магчымасць не толькі прадэманстраваць сваю праграму і майстэрства, паказаць, на што здольны калектыў, але і паглядзець на іншых, павучыцца, пераняць вопыт і, канешне ж, павесяліцца.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *