Пракуратура Ляхавіцкага раёна ўпаўнаважана заявіць

Сёлета ў першым паўгоддзі пракуратурай раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі праведзены комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, станоўчых тэндэнцый у паляпшэнні крымінагеннай сітуацыі, павышэнне ўзроўню прафілактычнай работы, абарону законных правоў і інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы.

Нягледзячы на праведзеную ўсімі службамі работу, дынаміка злачыннасці за 6 месяцаў 2014 года характарызуецца ростам у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам (92 сёлета супраць 68 летась). Рост адбыўся, у асноўным, за кошт узбуджэння крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах, справах па ўхіленні ад уплаты аліментаў, фактах хуліганстваў, растраты маёмасці. Аднак, у адрозненне ад першага паўгоддзя 2013 года, сёлета ўжо адбыліся забойства, разбой, 2 грабяжы. Адзначаецца таксама рост колькасці дарожна-транспартных здарэнняў і павелічэнне колькасці загінуўшых на іх. Варта адзначыць, што на Ляхавіччыне ўзровень злачыннасці на 10000 насельніцтва склаў 33,2 (сярэднеабласны паказчык – 41). З 36 да 33 зменшылася колькасць крадзяжоў, на ранейшым узроўні засталася рэцыдыўная злачыннасць, знізілася групавая, не зарэгістравана згвалтаванняў, вымаганняў.

Вышэйзгаданая статыстыка сведчыць пра неабходнасць больш эфектыўнай прафілактычнай работы ў гэтых накірунках.

У 2013 годзе падчас пракурорскіх праверак былі выяўлены парушэнні патрабаванняў закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” у Начаўскім і Навасёлкаўскім сельвыканкамах. На жаль, такія парушэнні па-ранейшаму маюць месца і сёлета. Так, у Востраўскім і Альхоўскім сельвыканкамах фармальна падыходзяць да разгляду пытанняў прафілактыкі п’янства і алкагалізму, правапарушэнняў на пасяджэннях сельвыканкамаў і саветаў грамадскіх пунктаў. Не заўсёды ў рашэннях адлюстроўваліся праблемныя пытанні, выяўлены недахопы. Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў пастаянна накіроўваюць у сельвыканкамы інфармацыю пра супрацьпраўныя дзеянні жыхароў населеных пунктаў сельсаветаў. Аднак, такія паведамленні не заўсёды разглядаюцца ў Востраўскім сельвыканкаме на пасяджэннях савета грамадскага пункта. А рабіць гэта неабходна штоквартальна (згодна рашэння райвыканкама № 1124 ад 21 снежня 2013 г).

Таксама ўстаноўлена, што камандзірамі добраахвотных дружын не арганізавана належная работа з членамі дружын па павышэнні іх прафесіянальнага ўзроўню, павелічэнні колькаснага складу.

Адным з асноўных накірункаў пракурорскай дзейнасці па-ранейшаму застаецца нагляд за выкананнем заканадаўства. У першым паўгоддзі праведзены 24 праверкі ў арганізацыях, дзяржаўных органах, прадпрыемствах, якія паказалі, што па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні. Пракуратурай унесена 14 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічалі, вынесена 11 прадпісанняў, 44 асобы афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці паўторнага парушэння. Па актах, складзеных пракурорам, юрыдычная асоба і 7 фізічных асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 14 — дысцыплінарнай, 8 — матэрыяльнай.

Выяўлены шэраг парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства (у ДРБУ-200, УКБ Ляхавіцкага раёна, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”), а таксама заканадаўства, якое рэгулюе ход дзяржаўных закупак арганізацыямі раёна (СВК “Тальмінавічы”, “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, Ляхавіцкі ТЦСАН). Па патрабаванні пракуратуры 4 асобы панеслі дысцыплінарную адказнасць, адна — матэрыяльную, яшчэ адна атрымала афіцыйнае папярэджанне.

Напрыклад, былы начальнік ДРБУ-200 16 лютага 2012 года знаходзіўся за межамі Беларусі – у Польшчы. Але пры гэтым у табелі ўліку рабочага часу за люты яму быў указаны поўны працоўны дзень. Такім чынам, ён здзейсніў правапарушэнне, якое стварае ўмовы для карупцыі. Таксама былы дырэктар прысвоіў маёмасць прадпрыемства – ноўтбук коштам больш за 10 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, факты выезду за межы краіны без апраўдальных дакументаў таксама выяўлены падчас планавых праверак упраўлення капітальнага будаўніцтва, ільнозавода, лясгаса. Маюцца недахопы ў арганізацыі работы ў супрацьдзеянні карупцыі ў райаграсэрвісе, на льнозаводзе, у камунгасе.

Падчас пазапланавых праверак ПМК-17, ільнозавода, СВК “Ліпнянка” зарэгістраваны парушэнні працоўнага заканадаўства, што выявіліся, у прыватнасці, у несвоечасовым разліку пры звальненні работніка, несвоечасовай выплаце сярэдняга заробку, захоўваемага падчас водпуску. Парушэнні хаця і ўхілены, але несвоечасовае ажыццяўленне разліку пры звальненні магло прывесці да звароту пакрыўджаных работнікаў у суд і дадатковага расходавання грашовых сродкаў прадпрыемства.

Наглядныя праверкі паказалі парушэнні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 ад 14 чэрвеня 2007 г. “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, заканадаўства аб захаванасці ўласнасці. Так, ва УКБ устаноўлена, што прадпрыемствам праводзіцца недастатковая работа па спагнанні дэбіторскай запазычанасці; не прымаліся меры па спагнанні страт з вінаватых асоб, якія неналежным чынам выконвалі свае працоўныя абавязкі, дакладней – кралі (гэта датычыцца ДРБУ-200).

Выкананне патрабаванняў Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” – таксама на пастаянным кантролі пракуратуры. Пры праверцы СВК “Тальмінавічы” ўстаноўлена, што работа са зваротамі грамадзян тут арганізавана не на належным узроўні, не ўсе пісьмовыя звароты рэгістраваліся, выяўлены факт ненакіравання адказу заяўніку, парушэнняў тэрмінаў разгляду зваротаў і іншыя. Неналежным чынам матываваны пісьмовыя адказы на звароты грамадзян, не тлумачыўся парадак абскарджвання ў РАУС і камунгасе.

Ігар ПАЛЫКА,

выконваючы абавязкі пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *