Наш даўгунец. Сёлета ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” – аб’ект павышанай увагі
Сёлета ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” – аб’ект павышанай увагі. Кожны чацвер на прадпрыемстве праходзяць пасяджэнні штаба, які каардынуе работу па рэканструкцыі, перабудове, мадэрнізацыі цэхаў. Нават знешне завод змяніўся непазнавальна.
А льнаводы, тым часам, у клопатах, як забяспечыць вытворчасць якаснай сыравінай. Дарэчы, даўгунец сёлета адпавядае сваёй назве: сярэдні нумар ільнотрасты, якая звозіцца ў шохі, складае пакуль 1,54. Як зазначаюць спецыялісты райсельгасхарчу, гэта добры паказчык якасці.
Сёлета ў раёне было пасеяна 1990 гектараў ільну. Амаль на паўтары тысячы гектараў завадчане вырасцілі прадукцыю самі. Пасеялі гэтую культуру і ў СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра”, не засталася ў баку і льнонасенстанцыя.
Цяпер настае самы час уздыму льну і дастаўкі яго з поля на завод. Пакуль што паднята траста на плошчы 355 гектараў, звезена з 320 гектараў. Пасля дажджоў, перш чым цюкаваць, каб дабіцца раўнамернай вылежкі трасты, на плантацыі выйшлі трактары з абарочвальнікамі і ўспушвальнікамі – якасць сыравіны пад кантролем.
Свайго ўраджаю, які яшчэ маюць намер папоўніць некаторыя сельгаспрадпрыемствы з суседняга Баранавіцкага раёна, заводу хопіць, каб перапрацоўваць увесь сезон.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.