Ёсць у фельчара мара…

Плануецца, што тут размесціцца Русінавіцкі ФАП

На маім участку самыя добразычлівыя і шчырыя людзі,– гаворыць загадчыца Русінавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Шалік. Сімпатыя, як высветлілася, у вяскоўцаў і фельчара ўзаемная.

На гэтай пасадзе Таццяна 3 гады, але ў медыцыне яна работнік са стажам – доўгі час працавала працэдурнай медсястрой у хірургічным аддзяленні райбальніцы. Калі муж, які працаваў у СВК “Ляхавіцкі”, атрымаў ад гаспадаркі дом у Гаслаўшчыне, па сямейных абставінах (акрамя трох уласных дочак у сям’і выхоўваецца і пляменніца) Таццяна Аляксандраўна змяніла райбальніцу на аграгарадскі ФАП. Пра што ніколькі не шкадуе:

– У бальніцы сваю змену адрабіў – і ўсё. Тут зусім іншае. Меддапамога, іншы раз і неадкладная, неабходна землякам у любы час сутак: то ў немаўляці паднялася тэмпература, то нехта параніўся. Абавязкова, асабліва матулям, у якіх маленькія дзеці, даю свой нумар мабільнага тэлефона, каб маглі знайсці мяне пры першай неабходнасці.

Таццяна Шалік спяшаецца да чарговага пацыента.

Яе шматлікія патэнцыяльныя пацыенты — больш за 750 чалавек ва ўзросце ад некалькіх тыдняў да 90 гадоў. За дзень на ФАП наведваецца 20-30 чалавек. Тут можна атрымаць першую медыцынскую дапамогу, кансультацыю, элементарныя медыцынскія прадпісанні, набыць лякарства і г.д.

А яшчэ загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта паспявае і дома ў вяскоўцаў пабываць: каму ўкол зрабіць, каму ціск памераць, да каго з прафілактычнай мэтай зайсці. За Русінавіцкім ФАПам замацаваны 3 населеныя пункты: Русінавічы, Жарскія, Гаслаўшчына. Ёсць і хутары, дзе жыве па адным чалавеку. Дабіраецца да сваіх пацыентаў на веласіпедзе. І па-добраму зайздросціць калегам з Востраўскага ФАПа, якім спонсары падарылі скутар.

Падчас жніва ў Таццяны Шалік клопатаў прыбаўляецца – праверыць якасць харчавання тых, хто заняты на ўборцы, сказаць сваё важкае слова падчас інструктажу па тэхніцы бяспекі — фельчар у вёсцы асоба незаменная.

Выдатны спецыяліст клапоціцца пра здароўе аграгараджан і жыхароў суседніх вёсак і хутароў. Пацыенты задаволены ветлівым і спагадлівым прафесія-налам у асобе Таццяны Шалік. Але ж у медабслу-гоўванні вяскоўцаў ёсць адзін істотны мінус. У будынку, дзе цяпер размяшчаецца ФАП, яўна не аграгарадскія ўмовы, ён не адпавядае свайму прызначэнню па розных нормах. Санслужба нават закрыла працэдурны кабінет.

Адрамантаваны і рэканструяваны будынак ФАПа на сённяшні дзень – самая галоўная мара Таццяны Шалік і яе пацыентаў. І, напэўна, яна хутка спраўдзіцца, набыла ўжо рэальныя абрысы. У райвыканкаме рыхтуецца рашэнне аб перадачы будынка закрытай у межах аптымізацыі Русінавіцкай пачатковай школы пад медыцынскую ўстанову.

Як расказаў “ЛВ” галоўны ўрач “Ляхавіцкай ЦРБ” Уладзімір Усцюшкоў, пасля касметычнага рамонту гэты адрас стане пастаянным для мясцовага ФАПа. Наогул, плануецца, што з цягам часу ФАП ператворыцца ва ўрачэбную амбулаторыю, дзе будуць клапаціцца не толькі пра жыхароў Русінавічаў, але і Рачканаў, Тальмінавічаў, Гайніна, Гайнінца, Савеек, Ганчароў, Мінічаў, Куршынавічаў – усяго медабслугоўваннем будзе ахоплена больш за 2,5 тысячы чалавек. Тым больш, у адміністрацыі ЦРБ на прыкмеце ёсць і ўрач для будучай амбулаторыі.

—Там столькі месца! Можна будзе нават фізіяпрацэдуры праводзіць. Увогуле, будынак цудоўна падыходзіць пад ФАП, — гаворыць Таццяна Шалік.

А пакуль у старым ФАПе звініць тэлефон. І, сеўшы на веласіпед, Таццяна Шалік едзе па вясковай вуліцы — камусьці вельмі неабходна хуткая фельчарская дапамога.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *