Адкрыты ўрок на закрытым таварыстве ў Ляхавіцкім раёне

Прадукцыя бляшаначнага завода «Інтэрлак».

Жнівеньскі “пленум” кіраўнікоў і галоўных эканамістаў прамысловых прадпрыемстваў раёна прайшоў у сераду ў дэкарацыях прыватнай уласнасці. На шляху да пляцоўкі правядзення семінара – ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас” і ЗТАА “Бляшаначны завод “Інтэрлак” – адбыўся пазапланавы, па ініцыятыве старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, прыпынак на хлебазаводзе.

Зрэшты, не вытворчасць найпершага прадукту была ў цэнтры ўвагі семінара. Не хлебам адзіным, як вядома, жыве кааппрам Ляхавіцкага райпо: яшчэ – кандытарка, каўбасныя вырабы, аказанне шэрагу паслуг. А некалі ў наменклатуры вырабаў прадпрыемства значыліся і безалкагольныя напіткі. Зараз аснастка былога аднайменнага цэха за рэдкім выключэннем уяўляе сабой іржавае відовішча. Пакуль асцярожна-настойліва, без дакументальнай канкрэтыкі, але не выключаецца магчымасць аднаўлення на кааппраме вытворчасці напіткаў.

На “Металапластмас” і “Інтэрлаку”, канешне ж, напіткаў не вырабляюць. Але … дачыненне маюць. Напрыклад, адной з таварных пазіцый першага прадпрыемства з’яўляюцца коркі — поліэтыленавыя закарковачныя некалькіх тыпаў пад шкляныя бутэлькі рознай ёмістасці. Плюс бутэлечны “цюнінг”: можна сказаць, у камплект да коркаў з-пад прэсаў завода выходзяць тэрмаўсадачныя капсулы для вінна-гарэлачнай прадукцыі. Ну і, канешне ж, металічныя накрыўкі для закаркоўвання слоікаў, па чым прадпрыемства ведаюць як усе без выключэння мясцовыя гаспадыні, так і “імпартныя” спажыўцы ляхавіцкай прадукцыі. Як адзначалася, першую палавіну года “Металапластмас” завяршыў у нядрэнным вытворча-эканамічным рэжыме. Але не факт, што другое паўгоддзе атрымаецца лепшым ці роўна падобным. Адна з прычын перасцярогі заключаецца ў вядомым факце сезоннасці значнай часткі заводскай прадукцыі. Цэны на сыравіну дэманструюць перманентны рост, у той час як “Металапластмас”, каб утрымацца на рынку, прыкладна гады тры не можа дазволіць сабе падняць цану на некаторую прадукцыю. Аднак, нягледзячы на падзенне, у параўнанні з нядаўнім мінулым, вытворчых аб’ёмаў, эканамічныя паказчыкі работы нават палепшыліся, дзякуючы больш рацыянальнаму рэсурсавыкарыстанню. Напрыклад, калі раней у адход спісвалася фактычна чацвёртая частка ліставога металу, то зараз на металалом адпраўляецца каля 20 працэнтаў “ліста”.

“Інтэрлак”, наколькі можна дазволіць сабе такі вобраз, выхадзец з-пад крыла завода “Металапластмас”. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў сумежнай блізкасці, па адной з таварных пазіцый – узгаданай вышэй накрыўцы – могуць пазіцыяніраваць адзін аднаго ў якасці канкурэнта. Але акрамя старых добрых закатачных накрывак, “Інтэрлак” вырабляе таксама іх вінтавы аналаг. Так званы “твіст”, як прагучала ў ходзе наведвання прадпрыемства, займае прыкладна 12,5 працэнта ў агульным аб’ёме вытворчасці. Столькі ж, дарэчы, як і накрыўка пад закатку. Чвэрць агульназаводскіх вытворчых аб’ёмаў прыпадае на лакіраванне бляхі, усё астатняе – вытворчасць бляшанак многіх тыпаразмераў, пад наклееную этыкетку і этыкетку, выкананую ў тэхніцы літаграфіі (хоць, заўважым для дакладнасці, уласна роспісам па метале “Інтэрлак” не займаецца). У сваім цяперашнім фармаце, сённяшнім складзе заснавальнікаў завод працуе з 2012 года. І з таго ж часу – тэхнічна ўдасканальваецца ў той ці іншай ступені. Пікавым у гэтым сэнсе стаў 2013. Але, нягледзячы на працяг мадэрнізацыі, вытворчыя аб’ёмы першай паловы бягучага года ў паўтара раза пераўзышлі мінулагоднія на абазначаным адрэзку часу.

На заводзе «Металапластмас».

Прыбытковасць. Такой, калі максімальна лаканічна, характарыстыкі заслугоўвае і 7-месячная работа прамысловасці раёна. У цэлым, але ёсць дэталі. Са стратамі завяршылі абазначаны адрэзак года торфабрыкетчыкі. Калі б не бюджэтныя датацыі на выкананне сельскагаспадарчых работ, адмоўную рэнтабельнасць ад сваёй дзейнасці атрымаў бы і льнозавод. Бачыцца, аднак, перспектыва: для брыкетчыкаў – надыход пахаладання ў якасці каталізатара, які запусціць рэакцыю па збыце прадукцыі. Перспектыва для льнозавода – новы льнозавод, які ўжо пабудаваны, выдаў пілотныя аб’ёмы вытворчасці, а са стартам восені павінен запрацаваць у штатным рэжыме.

Прамысловая група ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” таксама ўпала ў аб’ёмах у параўнанні з годам мінулым. Зроблена прыкладна ўдвая менш леташняга. Для кансервавага завода мінусам стала працяглая гарачыня ліпеня-першых дзён жніўня, якая “засушыла” каля паловы пасеваў і пасадак падсобнай гаспадаркі. На рабоце завода малочнага адбіваюцца меншыя, у параўнанні з леташнім, аб’ёмы малака з сельгаспрадпрыемстваў раёна і іншае.

Пры тым, што індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі хоць і складае 93 працэнты ад года мінулага – дэманструе дынамічны рост.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *