З крыніц спрадвечных.У мінулую нядзелю ў палацава-паркавым комплексе “Флер’янова” прайшло ХІІІ раённае свята фальклорнага мастацтва /фота/
У мінулую нядзелю ў палацава-паркавым комплексе “Флер’янова” прайшло ХІІІ раённае свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”, якое сабрала лепшыя фальклорныя калектывы і майстроў народнай творчасці, а таксама аматараў спрадвечнага і народнага з усіх куткоў Ляхавіччыны.
Свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”, без перабольшвання, стала адной з самых адметных падзей у культурным жыцці Ляхавіччыны. Чарговае – трынаццатае па ліку – сёлета прайшло ў палацава-паркавым комплексе “Флер’янова”, што знакаміты, у першую чаргу, асацыяцыяй з вядомай польскай пісьменніцай Элізай Ажэшка.
Дарэчы, як расказала метадыст раённага метадычнага цэнтра Ірына Татарыновіч, флер’яноўская зямля прымае фальклорны фэст не ўпершыню, менавіта тут праходзіла адно з першых святаў. З таго часу яно паспела пабываць у многіх культурна і гістарычна адметных мясцінах раёна – Грушаўцы, Дараве, Востраве, Ліпску, Начы, Крывошыне, Ганчарах, Ляхавічах і іншых. Каб прадэманстраваць сваё вакальнае і інструментальнае майстэрства, кулінарныя здольнасці, пахваліцца работамі ў самых розных тэхніках і з разнастайных матэрыялаў, на свята традыцыйна збіраюцца прадстаўнікі ўсіх устаноў культуры нашага раёна. І фестываляць ад душы: спяваюць, жартуюць, частуюць, даюць майстар-класы і заўсёды з задавальненнем пазіруюць фатакару раёнкі і наогул усім жадаючым зрабіць здымкі на памяць пра вясёлы і гучны фэст.
Усё гэта было і сёлета з папраўкай на адну акалічнасць, што ад арганізатараў свята не залежала: святочная нядзеля выдалася надзвычай дажджлівай. Таму фестываль перамясціўся з пляцоўкі на свежым паветры ў будынак былой флер’яноўскай сядзібы. Відавочна, месца не самае прыстасаванае для прыёму такой колькасці гасцей, але на фестывальную атмасферу і настрой удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і гледачоў гэта не надта паўплывала.
Усіх, хто не пашкадаваў таленту і часу на “З крыніц спрадвечных”, віталі намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, ксёндз касцёла найсвяцейшага сэрца Пана Езуса Станіслаў Маленькі і сённяшні гаспадар сядзібы Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк. Шыкоўны творчы падарунак для нашых землякоў падрыхтавалі і госці – калектыў “Міране” з Мірскага СДК Баранавіцкага раёна.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.