«Сталічныя» замалёўкі

Падрастаючае пакаленне вёскі Мядзведзічы

Спыніцца… Азірнуцца… 1774 год. У Мядзведзіцкі ключ уваходзілі вёскі Савейкі, Лапацічы, Гайнін, Гайнінец, Цыгань, Малышы і яшчэ каля дзясятка іншых населеных пунктаў. Непасрэдна ў Мядзведзічах былі 53 дамы, вуліцы Ляхавіцкая і Пінская, рынак, вакол якога 16 дамоў, у тым ліку “кватэра рынковая”, дамы войта, арандатара, бортніка (гэта інфармацыя размешчана ў кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён”). Потым у розныя гады Мядзведзічы былі цэнтрам павета, воласці, сельсавета – такая вось ”сталіца”.

Сёння гэта вёска Ганчароўскага сельсавета налічвае 82 двары, у якіх жывуць 129 чалавек, пераважная большасць – шаноўнага ўзросту.

Некалькі дзясяткаў хвілін, і нашы “Жыгулі” спыніліся каля дома №1 па вуліцы Інтэрнацыянальнай (самай працяглай у Мядзведзічах). На лаўцы каля дагледжанай сядзібы — немаладая жанчына. Прыветна ўсміхнулася (наогул, ветлівасць, гасцінасць, добразычлівасць і сціпласць – візітоўка тутэйшых жыхароў), прадставілася: Тамара Лаўрэнцьеўна Дойніч, стараста вёскі. Менавіта яна і стала нашым экскурсаводам па Мядзведзічах, пачала расказваць як жыве вёска сёння.

— Магазін у нас свой, працуе зручна, па аўторках і пятніцах завозяць свежыя малочныя прадукты. Асартымент неблагі. Калі трэба, і наш Пятровіч (так паважліва называюць вяскоўцы вадзіцеля раённага вузла паштовай сувязі Генадзія Лойку) разам з пенсіямі, газетамі і пісьмамі па заказе прывязе муку, крупы, цукар і іншае. Нагадае і падпіску на “Ляхавіцкі веснік” прадоўжыць, – пачынае знаёмства з мядзведзіцкімі рэаліямі стараста.

Вясковы стараста Тамара Дойніч і дэпутат Ганчароўскага сельскага Савета Станіслаў Жагунь.

Тут жа звяртае ўвагу на добраўпарадкаваную сядзібу: газоны ў двары і вакол двара акуратна падкошаны, агарод выпалаты, яблыні ўсыпаны яблыкамі. Гаспадараць тут дачніца Надзея Ганчарык з мужам. Дарэчы, дачнікаў у Мядзведзічах нямала: і былыя мясцовыя жыхары, якія сталі гараджанамі, абсталявалі бацькоўскія дамы пад фазэнды, і прыезжых нямала – даспадобы прыйшліся тутэйшыя прыгожыя мясціны. На жаль, добрасумленна даглядаюць прыдамавыя тэрыторыі не ўсе.

Хаця новаму чалавеку абавязкова кінецца ў вочы добраўпарадкаванасць не толькі большасці прысядзібных участкаў, але і вуліц. Тамара Лаўрэнцьеўна расказвае, што ў Ганчароўскім сельсавеце і пры ранейшым старшыні, і цяпер у дапамозе ў падкошванні не адмаўляюць. Здараецца, стараста і сама бярэ ў рукі касу. Нядаўна ад імя вяскоўцаў звярнулася з просьбай спіліць аварыйнае дрэва. Паабяцалі зрабіць. Хутка, па заяўках, вырашаецца і пытанне назапашвання дроў і брыкету да чарговага ацяпляльнага сезона.

Хоць большасць мясцовых жыхароў – даўно пенсіянеры, але кожны мае невялікі агарод. Апрацоўваць дапамагаюць прыватнікі.

— Не ведаю, што б мы рабілі без нашага майстра на ўсе рукі Паўла Свірэпы. Нікому ў дапамозе не адмовіў, — гаворыць пра земляка Тамара Дойніч.

Самая кветкавая гаспадыня Ядвіга Гладкая.

Як не пазнаёміцца з такім важным на вёсцы чалавекам. Павел збіраўся па чарговай заяўцы ад вяскоўцаў. Ён аказвае самыя розныя віды сельгаспаслуг. Пакуль жыве з бацькамі, але і ўласны дом пабудаваў сваімі рукамі. А яшчэ як прыхільнік здаровага ладу жыцця разбіў недалёка ад ўласнага ўчастка міні-пляцоўку для заняткаў спортам і адпачынку на свежым паветры. Тут футбольнае і валейбольнае поле, лавачкі. Збіраецца моладзь не толькі з Мядзведзічаў, але і навакольных вёсак. Асабліва шматлюдна летам, калі прыязджаюць пагасціць да бабуль і дзядуль гарадскія ўнукі.

— Нехта павінен і ў вёсцы працаваць, не ўсім жа ў горадзе жыць, — разважае Павел.

У роднай вёсцы застаўся і яго старэйшы брат. Ён разам з жонкай Ірынай – шчаслівыя бацькі шасцярых дзяцей: старэйшы — ваенны, ужо стварыў сваю сям’ю, малодшыя – дашкольнікі. Сям’я Свірэпаў выкупіла будынак былой Мядзведзіцкай школы, навялі там парадак. Цяпер тут вяскоўцы і свята вёскі ладзяць(апошняе, праўда, было некалькі гадоў назад) і жалобныя вячэры.

Першы памочнік для аднавяскоўцаў, майстар на ўсе рукі Павел Свірэпа.

Пабываць у Мядзведзічах і не зайсці ў касцёл Пятра і Паўла — недаравальна. І праз стагоддзе (будынак узведзены ў 1908 годзе) адна з галоўных культурна-гістарычных адметнасцяў Мядзведзічаў уражвае сваёй прыгажосцю і велічнасцю. Сюды з усіх навакольных вёсак спяшаюцца вернікі каталіцкай канфесіі на богаслужэнні. Яшчэ нашы продкі гаварылі, калі ў вёсцы ёсць храм, школа і магазін — значыць, вёска жыве.

Помняць Мядзведзічы іншымі – шматнаселенымі — Сабіна Іванаўна і Вацлаў Іосіфавіч Шчукі, якія разам вось ужо 62 гады.

— Цяпер жыць добра: пенсію дамоў прынясуць, дзеці прызджаюць пастаянна, парадак у хаце і на двары падтрымліваюць. Паштальён часта наведваецца. Вось каб скінуць дзясятак гадкоў і здароўе падмацаваць — зусім добра было б, — амаль у адзін голас гавораць муж і жонка.

Такое кветкавае багацце, як ў двары дома №10 па вуліцы Маладзёжнай, не ўсюды ўбачыш. Вырошчваннем кветак захапляецца 76-гадовая Ядвіга Аляксандраўна Гладкая — адна з актыўнейшых памочніц старасты. Да выхаду на пенсію працавала малаказборшчыцай. Успамінае, як з усіх двароў забірала малако. Цяпер трымаюць кароў толькі ў 7 уласных гаспадарках.

Аляксандра Скрыцкая – адна са старэйшых жыхароў вёскі.

Зусім супрацьлеглы, надзвычай неахайны пейзаж адразу ля дзвюх сядзібаў усё па той жа вуліцы Маладзёжнай: з-за пустазелля і травы нават хат не відаць. Вядома, што гаспадар адной з іх жыве ў Гомелі, пра бацькоўскі дом не клапоціцца, нават і магілы памершых продкаў не даглядае. Другі жыве ў Падлессі, а сюды дарогу даўно забыў.

—Разам з сельвыканкамам склалі спіс дамоў, якія неабходна зносіць. Такіх пакінутых сядзіб па ўсім сельсавеце шмат, — гаворыць стараста.

На вуліцу выйшла і 86-гадовая Аляксандра Ягораўна Скрыцкая. У наш раён яна разам з маці трапіла пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў Бабруйску.

— Дамоў у Расію вырашылі не вяртацца, бо даведаліся, што хату нашу фашысты спалілі дашчэнту. Таму Беларусь — мая радзіма. Працавала ў магазіне, выгадавала 4 дзяцей. Цяпер вось дапамагае сацыяльны работнік — вельмі спагадлівая і добрая Святлана Граблюк, — распавядала Аляксандра Ягораўна. Убачыла старасту і адразу звярнулася з прапановай. — Лаўрэнцьеўна, трэба гэту яму пасярод дарогі засыпаць.

Сабіна і Вацлаў Шчукі ідуць па жыцці побач 62 гады.

Пачуўшы адказ, усміхнулася:

— Абяцае, значыць, выканае. Надзейны чалавек.

Вось такое яно, сённяшняе жыццё Мядзведзічаў. Адна акалічнасць, а калі ўлічыць сярэдні ўзрост вяскоўцаў, то надзвычай важная: першасную медыцынскую дапамогу яны атрымліваюць у Савейкаўскай амбулаторыі ў Ганчарах, куды па вызначаных днях прыязджае ўрач з райбальніцы. Вяскоўцы з надзеяй чакаюць, калі ў амбулаторыі з’явіцца хаця б свой фельчар.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Мядзведзіцкі касцёл.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *