15 верасня- Дзень бібліятэк. Адзін дзень з жыцця бібліятэкара
Пабыць у ролі захавальніцы кніг і адчуць асаблівасці гэтай прафесіі я адправілася ў бібліятэку райаграсэрвіса. Тут можна сустрэцца з чытачамі самых розных інтарэсаў і ўзростаў: дзякуючы шырокаму выбару кніг, часопісаў і газет, кожны можа падабраць для сябе адпаведную літаратуру — ад дэтэктываў да раманаў і казак, ад сур’ёзнай прэсы да забаўляльных і спецыялізаваных часопісаў.
Мая настаўніца ў гэтай справе — бібліятэкар Наталля Багдановіч. Менавіта дзякуючы ёй даведаюся, наколькі складаная, запатрабаваная і цікавая прафесія бібліятэкара.
— Вось тут працоўнае месца, тут стэлажы, тут падшыўкі газет, фармуляры…, — паказвае Наталля Уладзіміраўна.
Ну, а цяпер за працу.
З чаго тут пачынаецца дзень? Сумаваць і сядзець на месцы не атрымаецца, бо зранку трэба падлічыць статыстыку наведванняў за ўчарашні дзень, зрабіць неабходныя запісы. Для гэтага з фармуляраў чытачоў падлічваем колькасць выдадзенай літаратуры і ўсё запісваем у дзённік працы. А вось тут для мяне, чалавека новага ў гэтай справе, пачаліся складанасці. Падлікі вядуцца з дапамогай спецыяльных сімвалаў — кропак і палачак, пры злучэнні якіх у выніку атрымліваецца квадрат: ён азначае, што бібліятэку наведалі 10 чалавек. Падлічваем агульную колькасць наведвальнікаў і кніг, раскладаем фармуляры адпаведна нумарацыі. Вопытны бібліятэкар спраўляецца за хвілін 10-15, у мяне на гэта пайшло значна больш часу. Але цярпенне і яшчэ раз цярпенне! Далей трэба прыняць новыя кнігі і перыядычныя выданні. Іх трэба зарэгістраваць у базе даных, расставіць па стэлажах ў адпаведнасці з жанрамі і тэматыкай. Выставіць на палічкі перыядычныя выданні, каб кожны чытач мог адразу ўбачыць свежы нумар газеты або часопіса, а старую прэсу расфасоўваем па падшыўках.
А вось і першы наведвальнік — Любоў Русіна, якая прымае актыўны ўдзел ў жыцці бібліятэкі, радуе астатніх чытачоў кнігамі са сваёй дамашняй бібліятэкі. Знайшла чытацкі фармуляр, вучуся правільна яго запаўняць. Наступны крок — падабраць літаратуру: бібліятэкар — першы дарадца для чытача.
— Можа возьмеце кнігу “У рытме танга” Юсупава?
— Гэта я чытала.
— Тады можа “Унесенныя інтэрнэтам” Філіпавай?
— І гэта чытала. І гэта…
— Такое бывае!, — смеючыся, кажа бібліятэкар Наталля Уладзіміраўна. Літаратуру ўсё ж выбралі, аформілі фармуляры, не забылі нагадаць пра тэрміны здачы.
Але ў бібліятэку прыходзяць не толькі за кнігамі — жадаюць падзяліцца ўражаннямі аб прачытаным, папрасіць “літаратурнай” парады, а часам і проста пагаварыць. Нездарма работа з чытачом – адзін з галоўных напрамкаў у рабоце бібліятэкара.
Цяпер расстаўляем здадзеныя кнігі. Спытаеце, няўжо гэтаму трэба вучыцца? Так, бо ў адпаведнасці з бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыяй ўсе кнігі павінны размяшчацца ў залежнасці ад галіны ведаў, да якіх можна аднесці выданне.
А пакуль нікога няма, падклейваем старыя тамы, наводзім парадак на стэлажах. Наведвальнікам прыемна знаходзіцца ў чытальнай зале, дзе пануюць парадак і чысціня.
Сёння ў бібліятэцы асаблівы дзень — гульнявая праграма “Разам весела крочыць”. Рабяты расказвалі вершы, удзельнічалі ў віктарыне, разгадвалі загадкі, дэманстравалі малюнкі і вырабы, зробленыя сваімі рукамі.
Дзеці заглядаюць у бібліятэку ледзь не кожны дзень: кнігі па школьнай праграме ўзяць, часопісы паглядзець, прапануюць розныя свае ідэі для мерапрыемстваў. Таксама пры бібліятэцы працуе аматарскае аб’яднанне «Фантазія» для дзяўчынак 12-14 гадоў, дзе юныя лэдзі дзеляцца рознымі сакрэтамі, за кубачкам чаю абмяркоўваюць апошнія навіны.
Да памятных дат і святаў арганізуюцца тэматычныя выставы. Больш за ўсё запомніўся юным чытачам вечар “І памятаць страшна, і забыць нельга” у гонар Дня Перамогі. Дзеці падзяліліся ваеннымі гісторыямі пра сваіх прадзядуляў і прабабуляў.
За дзень бібліятэку ГДК райаграсэрвіса наведваюць каля 30 чытачоў. Усяго іх зарэгістравана тут 350 чалавек (з іх 78 дзяцей), і да кожнага патрэбен індывідуальны падыход, кожны чакае ўвагі. Не забываюць і пра тых, каму дайсці да бібліятэкі цяжка — ветэранаў, пенсіянераў, інвалідаў: іх абслугоўваюць на даму. А калі патрэбнай кнігі ў наяўнасці няма, яе можна заказаць у цэнтральнай — ёсць і такая паслуга.
Цікавым аказаўся для мяне дзень у ”храме” друкаванага слова не ў якасці чытача, а ў якасці пазаштатнага супрацоўніка. Ды і хіба магло быць інакш, калі цябе акружаюць кнігі, іх шматлікія аматары і прафесіяналы бібліятэчнай справы.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.