Не згубіцца «ў грыбах». Ляхавіцкі РАУС адшуквае грамадзян
Верасень – разгар сезона для грыбнікоў і ягаднікаў.
На жаль, у гэты час нярэдкія выпадкі знікнення людзей у лесе. Так, Ляхавіцкі РАУС адшуквае грамадзян, якія пайшлі ў лес за грыбамі і да цяперашняга часу іх месца знаходжання не вядома: Буйкевіч Агрыпіна Мікалаеўна, 5.09.1932 года нараджэння (пражывала ў в. Свяціца). Сліва Вячаслаў Міхайлавіч 3.05.1933 года нараджэння (пражываў у в. Пад’язаўле). Раеўская Валянціна Яўгеньеўна 3.05.1944 года нараджэння (пражывала ў в. Свяціца).
Усім грыбнікам і ягаднікам трэба памятаць: каб не згубіцца ў лесе, неабходна прытрымлівацца простых правілаў бяспекі.
Не варта хадзіць у лес аднаму, у першую чаргу, гэта тычыцца асоб сталага ўзросту. Не забудзьцеся паведаміць сваім блізкім або суседзям пра тое, куды накіроўваецеся, маршрут руху і калі плануеце вярнуцца. Абавязкова бярыце з сабой сотавы тэлефон. Перад паходам у лес папоўніце баланс, праверце зарад батарэі. Вазьміце з сабой компас, запалкі, нож, невялікі запас вады і прадуктаў. Тым, хто пастаянна карыстаецца лекамі, а гэта, перш за ўсё, тычыцца пажылых людзей, трэба мець пры сабе медыкаменты. Адзенне павінна быць яркім, а камуфляж у лесе можна не заўважыць нават з трох метраў. Добра, калі на адзенні будуць святлоадбівальныя наклейкі. Ніколі не паглыбляйцеся далёка ў лес, не заходзьце ў глухі гушчар, асабліва калі ў вас няма навыкаў арыентавання.
Ні ў якім выпадку не панікуйце і не кідайцеся ў розныя бакі, калі зразумелі, што заблудзіліся. Уважліва агледзьцеся, паспрабуйце знайсці пазнакі лясніцтва на дрэвах, укапаных слупках з разметкай дзялянак – гэта дасць прывязку да мясцовасці і пры наяўнасці сотавай сувязі дапаможа вас знайсці. Калі вы знайшлі арыенцір, трымайцеся яго і нікуды не зварочвайце. Рака, дарога, лінія электраперадачы прывядуць вас да людзей.
Памятайце — ваша бяспека ў вашых руках.
Аляксандр ЕРМАКОЎ,
начальнік РАУС.