Ёсць такая прафесія — пра навіны распавядаць

У нашай раёнцы шмат месца адводзіцца расказам пра людзей, якія дабіліся поспехаў у розных накірунках дзейнасці, і пра тых, хто змагаўся за наша мірнае неба падчас вайны. Кожную сераду і суботу мы атрымліваем свежы нумар газеты з цікавымі навінамі пра нашу сельскую гаспадарку, прамысловасць, пра землякоў, сумленная праца якіх дапамагае раёну развівацца.

Журналісты «Ляхавіцкага весніка» пішуць і пра камбайнёраў, і пра медыкаў, і пра музыкантаў, пра маладых і сталых, пра вёску і горад. А вось пра тое, якую працу выконваюць самі, не памятаю, каб пісалі. Не прывыклі пра сябе расказваць. Але, насамрэч, гэта праца складаная, вельмі адказная і творчая.

Здаецца, што ж тут асаблівага, падрыхтаваць матэрыял? Калі журналіст піша пра нейкую прафесію, ён як бы на сябе яе прымярае. А цяпер уявіце, колькі разоў у год у нашай газеце з’яўляліся матэрыялы пра работнікаў розных службаў: нашы журналісты пабывалі крыху медыкамі, камбайнёрамі, крыху будаўнікамі, настаўнікамі і г. д. І кожны раз яны шукаюць тое зярнятка, тое асаблівае, пра што цікава даведацца кожнаму чытачу.

Даволі часта на старонках “Весніка” публікуюцца матэрыялы пра Вялікую Айчынную вайну. Тут не абыйсціся без ведаў гісторыі. Калі пішаш такі матэрыял, не раз заглядваеш у падручнік ці даведнік па гісторыі.

Немагчыма ўявіць сабе прафесію журналіста без зносін з людзьмі. А суразмоўцы трапляюцца розныя. Нехта з задавальненнем адкажа на ўсе пытанні, а нехта і слова не хоча сказаць. А матэрыял пісаць трэба. Вось і даводзіцца да кожнага падбіраць свой асаблівы “ключык”. Таму тут без азоў псіхалогіі не абыйсціся.

А колькі кіламетраў праехалі супрацоўнікі газеты за гады працы! То ў поле, каб пасля расказаць чытачам пра жніво, то ў лес — падзяліцца прыгажосцю нашага наваколля. І ўсё гэта трэба “падсмачыць” не менш удалымі фотаздымкамі.

І вось калі ўсе матэрыялы сабраны, іх трэба перачытаць, усе факты, назвы, лічбы, імёны і прозвішчы праверыць. Адказнасць у газетчыкаў вялікая, а ў рэдактара – асабліва. Трэба кантраляваць усё – пачынаючы ад тыража да якасці газетнай паперы і дастаўкі выдання да чытачоў, хаця гэта абавязак паштавікоў. І ўсё для таго, каб чытачы нашай газеты своечасова атрымлівалі свежы нумар “Ляхавіцкага весніка”. Я ужо не першы год супрацоўнічаю з газетай і магу з упэўненасцю сказаць, што тут ветліва сустракаюць кожнага, хто хоча паспрабаваць сябе ў журналістыцы, і з задавальненнем перадаюць вопыт, накоплены за многія гады.

Ірына КУЗЬМІЧ,

студэнтка Інстытута

журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *