В Ляховичах прошло заседание совета по демографической безопасности

На чарговым пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы ішла размова пра прапаганду ў маладзёжным асяроддзі культуры сямейных адносін, умацаванне сямейных традыцый і павышэнне статусу сям’і.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Дабрыянец гаварыў пра формы гэтай работы. Да Дня сям’і штогод ладзяцца паэтычныя і літаратурныя вечары, святы і праграмы, акцыі і лекторыі, працуюць клубы і аб’яднанні маладых сем’яў і іншае. Сталі традыцыяй конкурсныя праграмы сярод мнагадзетных сем’яў, ушанаванне падчас дня вёсак сем’яў-юбіляраў і маладажонаў. Гэта добра. Але наколькі работа выніковая? Звернемся да статыстыкі.

Як рассказала начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак, за 8 месяцаў у раёне стала больш на 108 маладых сем’яў, з іх 14 зарэгістравалі шлюб у сельсаветах. Маладыя людзі больш асэнсавана падыходзяць да важнай падзеі жыцця — стварэння сям’і. Сярэдні ўзрост нявест – 23-24 гады, жаніхоў – 25-27. Яны імкнуцца спачатку атрымаць адукацыю і месца працы, а потым заключаць шлюб.

З заявай аб скасаванні адносін сёлета звярнуліся 83 пары, за мінулы год – 96. Прычыны разводаў – злоўжыванне алкаголем, нежаданне бацькі забяспечваць сям’ю матэрыяльна, здрада і банальнае “не сышліся характарамі”. Сродак супраць разводаў – выхаванне будучых мужа і жонкі.

На падлеткаў вялікі ўплыў аказваюць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, дзе пераважаюць свае законы, і не заўсёды дабро і мараль у пашане. Прыкладам для маладых людзей пры пабудове адносін, як правіла, з’яўляюцца паводзіны іх бацькоў. Добра, калі ў сям’і пануюць любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат. Роля ўстаноў культуры ва ўмацаванні сямейных традыцый і павышэнні статуса сям’і, канешне ж, вялікая. Галоўнае, каб гэта праца не зводзілася да фармалізму і мела станоўчы вынік.

Другое пытанне пасяджэння савета – работа па аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года мнагадзетным сем’ям. Яе атрымалі па 95 адрасах на суму 122 мільёны 800 тысяч рублёў. Некаторыя прадпрыемствы дапамаглі сем’ям, у якіх дзеці пайшлі ў школу. Напрыклад, камунгас выдзеліў 3 мільёны рублёў бацьку, які адзін выхоўвае дзіця, СВК “Ляхавіцкі” – па 450 тысяч рублёў 7 сем’ям, СВК “Востраў-Агра” – 2 сем’ям па 500 тысяч рублёў …

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правёў акцыю “Дапаможам сабрацца ў школу”. А салон “Міласэрнасць” аказаў гуманітарную дапамогу 412 дзецям са 109 мнагадзетных сем’яў.

Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа перадала 32 мнагадзетным сем’ям рэчы на суму 12,4 мільёна рублёў.

Усяго ў раёне, па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леаніда Калбасы, дапамога аказана 302 мнагадзетным і 52 малазабяспечаным сем’ям.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *