Кірмаш ад базару розніцца

Першы восеньскі кірмаш у райцэнтры, які адбыўся ў мінулую суботу, стаў тэмай сур’ёзнай размовы на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Вячаслаў Сельмановіч выслухаў высновы арганізатараў вераснёўскага гандлю сельгаспрадукцыяй, іх заўвагі і прапановы на тэму, як наступны кірмаш зрабіць узорным, задавальняючым попыт пакупнікоў і па асартыменце, і па культуры абслугоўвання, і па эстэтыцы гандлю. Усе згаджаліся з крытыкай, адзначалі станоўчыя моманты. Мусіць, для некаторых удзельнікаў планёркі зусім нечаканай аказалася ацэнка, дадзеная кіраўніком раёна: кірмаша, па сутнасці, не было – быў звычайны базар… Аргументы і факты ў пацвярджэнне гэтага шматлікія: не ўбачылі ні адной дастойна аформленай гандлёвай кропкі; большасць прадаўцоў гандлявалі з зямлі; выгляд прадукцыі ў многіх выпадках “прасіўся” ў антырэкламу і г. д. Пабазарылі…

Вячаслаў Сельмановіч даў канкрэтныя даручэнні арганізатарам. Іншымі словамі, яны павінны зрабіць работу над памылкамі, каб у адну з кастрычніцкіх субот ляхавічане пабывалі на сапраўдным кірмашы. А для гэтага, акрамя класнага асартыменту высакаякаснай прадукцыі, трэба забяспечыць зону стаянкі транспарту, па-сапраўднаму культурна-песенна-музычнае суправаджэнне, багатую і эфектную выкладку тавараў. Каб хапіла ўсім і бульбы, і капусты з морквай, і зерня, і дроў такіх, якімі лясгас гандляваў, а не райпалівазбытаўскі варыянт, і саломы цюкаванай ад сельгаспрадпрыемстваў, і ўсяго таго, чым можа спажыўкааперацыя ўразіць. Праз два тыдні ўбачым, як усё гэта павінна быць – не толькі на брэсцкім ці мінскім кірмашах – на ляхавіцкім.

Прадметная размова адбылася і па другім пытанні парадку дня апаратнай нарады — з кіраўніком ЗАТ “Белпрампрыбор” Віталіем Гаўрылавым. Старшыня райвыканкама пацікавіўся ўмовамі работы на комплексе, рашэннем экалагічных пытанняў, звязаных з вытворчасцю, але найперш, як таварыства забяспечвае свінінай насельніцтва блізкіх да комплексу вёсак, якое было пазбаўлена магчымасці трымаць свіней ва ўласных падвор’ях у сувязі з недапушчэннем распаўсюджання АЧС.

Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў адзінамагчымы падыход да праблемы – людзей трэба падтрымліваць. Чаму, напрыклад, не адкрыць гандлёвую кропку па продажы свініны насельніцтву, якое жыве ў азначаных вёсках? Калі такое адкрыццё “непаддымнае”, можна скарыстацца паслугамі мясцовага магазіна для рэалізацыі мяса з захаваннем усемагчымых умоў і патрабаванняў. Прапанова агучана, а варыянт яе рашэння выбіраць уласніку вытворчасці. Заўвага ў тэму: прапанова паступіла ад раённай улады – чамусьці кіраўніцтва ЗАТ не здагадалася ці не палічыла патрэбным праявіць уласную ініцыятыву.

Што датычыць экалагічнага складальніка пытання, то ў “Белпрампрыборы” існуе праблема ўтылізацыі гною, гноезборнікі не працуюць. Аднавіць іх

В. Гаўрылаў паабяцаў да канца года. Пра некаторыя аспекты гэтага пытання, як і пра стварэнне біялагічнай абароны вакол комплексу, гаварыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі.

Старшыня райвыканкама даручыў старшыні Крывошынскага сельвыканкама і кіраўніцтву “Белпрампрыбора” распрацаваць сістэму продажу насельніцтву мяса; санітарнай службе і прыродаахоўнай інспекцыі — трымаць на кантролі экалагічнае пытанне ў сувязі з жыццядзейнасцю свінакомплексу.

Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што, незалежна ад формы ўласнасці, арганізацыі і прадпрыемствы абавязаны клапаціцца пра людзей, у тым ліку пра тых, хто цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Яшчэ адным злабадзённым пытаннем парадку дня аператыўнай нарады быў стан будынкаў устаноў адукацыі, іх бяспечнасць. У прыватнасці, гаворка ішла пра тыя з іх, якія, на думку кіраўніка раённай улады, патрабуюць заключэння аб бяспецы ад кампетэнтных службаў. Намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач праінфармаваў аб ходзе гэтых работ.

Бягучую справаздачу аб зборы другаснай сыравіны і ходзе месячніка, прысвечанага гэтаму, зрабіла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч. Найбольш цяжкім з’яўляецца “макулатурнае” пытанне, са шклабоем прасцей – вельмі дапамагаюць ІП. Кіраўнік райвыканкама засяродзіў увагу на неабходнасці ўстаноўкі кантэйнераў па паасобным зборы смецця, што даўно зроблена ў многіх райцэнтрах вобласці. Мы адстаём. Значыць, трэба даганяць.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *