Попыт і прапанова. З другой спробы прайшоў першы восеньскі кірмаш у Ляхавічах

Чым гандлявалі? Колькі? Ад каго?

Восеньскія кірмашы заўсёды чаканыя і запатрабаваныя. Вось і ў мінулую суботу народ спяшаўся на рыначную плошчу райцэнтра з жаданнем набыць сельскагаспадарчую прадукцыю. Самым папулярным таварам на кірмашы аказалася збожжа. Хоць і прапаноўвалі яго 3 гаспадаркі –

СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы і ДП “Нача”, але амаль адразу стала відавочна, што патрабуецца яго значна больш.

– Маці трымае гаспадарку, вось і купіла ёй пару мяхоў пшаніцы і аўса, ­ – гаворыць ляхавічанка Галіна Тадэвушаўна.

Бульбу сартоў “вяснянка” і “брыз” прадавалі па 2700 рублёў (пад канец кірмашу цана стала меншай на 200 рублёў). Але на яе якасць у адрас некаторых пастаўшчыкоў (у прыватнасці, на райаграсэрвіс) ад пакупнікоў былі нараканні. Гандлявалі буракамі, морквай, капустай па 2500 рублёў, цана кілаграма цыбулі вагалася ад 3500 да 4000 рублёў. Райаграсэрвіс прапаноўваў мінеральныя ўдабрэнні, ДП “Нача” – рулоны саломы па 80 000 рублёў. Аматараў мёду зазывалі сваёй прадукцыяй лясгас і СВК “Ліпнянка”.

Фермеры радавалі агароднінай з уласных гаспадарак: памідоры, капуста, перцы, морква на любы густ.

Попытам, як заўсёды, карысталася мяса і мясныя паўфабрыкаты, кандытарская прадукцыя.

Смачны шлейф водару цягнуўся ад шашлыкоў,якія гатавалі работнікі райпо.

Выступалі самадзейныя артысты.

Пачатак распродажу дароў восені пакладзены. Як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, наступны кірмаш запланаваны на 11 кастрычніка.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *