Ляхавічы: Дзмітрыю крос перамогу прынёс

Лёгкаатлетычны крос можна класіфікаваць як даволі дэмакратычную спартыўную дысцыпліну. У тым сэнсе, што ніякіх асаблівых умоў для выпрабавання сябе бегам па няроўнай мясцовасці не патрабуецца. Ні табе спецыялізаваных палацаў, ні асаблівых прэтэнзій да экіпіроўкі. У якасці дыстанцыі падыдзе любы парк, прасёлак, узбочына лесу. Можна абмежавацца звычайнымі кедамі ў якасці абутку, тэхнічная падрыхтоўка для красмена ў меншай ступені важная, чым для “трэкавых” бегуноў. А вось фізічнай падрыхтоўкі, вынослівасці, умення цярпець у сітуацыі, калі ніякага цярпення ўжо не засталося, на кросавай дыстанцыі патрабуецца куды больш. Нездарма крос служыць абавязковым элементам падрыхтоўкі спартсменаў па любым з відаў спорту.

У родным горадзе вядомага марафонца майстра спорту міжнароднага класа Уладзіміра Цямчыка Іванаве пракладзена сімпатычная, дастаткова папулярная ў красменаў траса. Каля тыдня назад тут праводзіліся чэмпіянат і першынство Брэсцкай вобласці. Фармат, калі ў адным месцы ў адзін час збіраюцца дарослыя лёгкаатлеты і іх 16-гадовыя калегі, не з’яўляецца звычайным. Але ёсць тлумачэнне, якое на карысць і віду спорту, і самім, асабліва юным, спартсменам. Дыстанцыі, канешне ж, знаходзіліся ў дыферэнцыяльнай залежнасці ад узросту бегуноў, аднак, камандны поспех складваўся ў роўнай ступені з поспехаў кожнага. З 19 каманд-удзельніц, што прадстаўлялі раёны Брэстчыны і гарады Баранавічы, Пінск, Брэст, ляхавіцкая размясцілася на сёмым радку выніковага пратакола. Што ў аснове гэтага выніку? Як расказаў трэнер-выкладчык ДЮСШ Андрэй Іванюценка, выдатным фінішным спуртам выйграў 3000 метраў Дзмітрый Равінскі, на такой жа дыстанцыі другой стала Лізавета Кандрацьева, а Алег Катко замкнуў тройку лепшых на 4000 метраў. “Нядрэнна” — такую ацэнку трэнера заслужыла выступленне ў Іванаве Таццяны Смірновай і Рамана Грамінчука.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва  Лізаветы КАНДРАЦЬЕВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *