Хто ў ямы гаспадар? Серыя чарговая — сумная
Час ад часу “ЛВ” расказвае пра нязручнасці, што даводзіцца перажываць землякам падчас той ці іншай будоўлі – невялікай суседскай ці грандыёзнай гарадской. Неаднойчы старонкі раённай газеты “ўпрыгожвалі” фотаздымкі “помнікаў” чыёйсьці безгаспадарчасці, безадказнасці і абыякавасці: то будаўнікі забудуцца смецце за сабой прыбраць, то бур’ян забуяе, то няпамятлівыя адказныя службы на тыдні-месяцы пакінуць безнаглядную яму…
Дарэчы, пра апошнія. Сёлета ў “ЛВ” ужо была публікацыя пад назвай “Хто ў ямы гаспадар?” (№ 28, 16 красавіка). Газета пісала пра небяспеку, якую стварае для аўтааматараў і пешаходаў яма на адной з гарадскіх вуліц. Тады, на шчасце, небяспека так і засталася патэнцыяльнай.
А вось у выпадку, што нядаўна адбыўся ў аграгарадку Жарабковічы, не абышлося без пацярпелых. Аграгараджанка Алена Кандыба завітала ў рэдакцыю падзяліцца, на жаль, не прыемнай навіной, а абуральнай. Жанчына з хваляваннем расказала, як прайшла чарговая раніца ў яе сям’і: на працягу гадзіны давялося ратаваць карову, што па дарозе на пашу правалілася ў яму. Пасткай для няшчаснай жывёлы аказалася траншэя на вуліцы Мінскай (па заказе камунальнікаў работы па пракладцы цеплатрасы тут праводзіць ПМК-17). Справа ўскладнілася яшчэ і тым, што напярэдадні ішоў дождж, і на дне траншэі ўтварылася сапраўднае гліністае балота.
– Дзякуй прахожым, што дапамаглі. Думалі, жывой нашу кароўку не выцягнем… – расказвае Алена Аляксееўна. І абураецца: – Яма пры самай дарозе, няўжо нельга было яе абгарадзіць? Тут жа не толькі каровы, але і людзі ходзяць, дзеці бегаюць. Дарэчы, не мы адны пацярпелі, на вуліцы Садовай таксама ёсць яма, і ў яе таксама правалілася карова, тады, праўда, было суха…
Цэнтралізаванае цяпло ў дамах вяскоўцаў, канешне, справа важная, а для Жарабковічаў яшчэ і доўгачаканая. І людзі згодны мірыцца з пэўнымі рамонтнымі нязручнасцямі, жывуць з імі тыднямі. Вось толькі, калі справа датычыць уласнай бяспекі і бяспекі сваёй маёмасці, лаяльнасць змяняецца справядлівым абурэннем.
І з такой пазіцыяй не паспрачаешся.
Святлана БЕЛЬМАЧ.