«Аддам дзіця ў спартыўныя рукі». У Ляхавічах асноўны ачаг спорту і здаровага ладу жыцця – дзіцяча-юнацкая спартыўная школа аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
Бацькі імкнуцца, каб іх дзеці як мага паўней развівалі свае здольнасці. Хтосьці выбірае мастацкі напрамак, хтосьці рукадзельны. Ёсць і такія, хто бачыць сваё дзіця на спартыўным п’дэстале з залатым медалём. Каб прагучала слова ў спорце, пачынаць трэба з дзяцінства, каб фізічна развівацца – таксама. У выбары віду спорту, канечне, рашаючым з’яўляецца жаданне дзіцяці. Не апошюю ролю адыгрывае наяўнасць магчымасцей для заняткаў спортам.
У нашым райцэнтры асноўны ачаг спорту і здаровага ладу жыцця – дзіцяча-юнацкая спартыўная школа аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Сёння ДЮСШ – гэта 2 залы для гульнявых відаў спорту, 2 — самба і дзюдо, легкаатлетычны манеж, трэнажорныя, душ, міні-бассейн, саўна, аднаўленчы цэнтр і стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі.
Дарэчы, сёлета да пачатку новага навучальнага года за бюджэтныя сродкі адрамантавана фае школы, зроблены касметычны рамонт у футзале, а таксама ў іншых залах і пакоях (на гэтыя мэты пайшло звыш 180 мільёнаў рублёў). Тут можна займацца дзюдо, самба, лёгкай атлетыкай, гандболам, футболам. І гэта не масавая фізкультура, а мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву. Заняткі праходзяць згодна раскладу, што немалаважна, школа працуе без выхадных.
У гэтым навучальным годзе ў школе, у тым ліку і ў яе філіялах у сельскай мясцовасці, у 46 групах займаюцца 513 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Юныя ляхавіцкія спартсмены падтрымліваюць традыцыі старэйшых пакаленняў у прыхільнасці да лёгкай атлетыкі і гандболу. Хто ж з дзяўчынак не жадае паўтарыць спартыўныя дасягненні нашай зямлячкі, колішняга члена нацыянальнай зборнай па гандболе Святланы Жыхаравай?!
Нямала жадаючых займацца самба і дзюдо. Папулярнасці гэтых дысцыплін спрыяюць і пастаянныя перамогі ляхавіцкіх адзінаборцаў на разнастайных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, і выдатныя трэнеры-выкладчыкі, адзначае дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч.
Калі гаварыць пра вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак, то пашчасціла рабятам з Вострава і Конек (трэнеры-выкладчыкі займаюцца з імі лёгкай атлетыкай), Русінавічаў і Малога Гарадзішча (футбол), Свяціцы і Тухавічаў (гандбол).
Як трапляюць у спартыўныя секцыі ДЮСШ? Некага прыводзяць бацькі ці старэйшыя браты і сёстры, іншыя ідуць за кампанію з сябрамі. Але і самі трэнеры не сядзяць у чаканні новых выхаванцаў: ходзяць па школах, агітуюць, запрашаюць.
Навічкоў прыходзіць нямала, і пасля падрыхтоўчага этапу (1-2 гады) 70 працэнтаў выхаванцаў адбіраюцца на наступны ўзровень.
— Ні ў якім разе нельга забываць пра здароўе юных. Ніякія набытыя ў выніку заняткаў хуткасць, гібкасць, спрытнасць, вынослівасць не змогуць пераважыць страты, нанесеныя здароўю, што ўзніклі з-за грэбавання перасцярогамі і супрацьпаказаннямі. Нездарма пры паступленні ў спартыўную школу разам з заявай ад бацькоў патрабуецца даведка, што заняткі менавіта гэтай дысцыплінай бясшкодныя для падлетка, тлумачыць Валянціна Русакевіч.
Канешне, важны канчатковы вынік. Але калі юны спартсмен і не стане рэкардсменам ці пераможцам, ён умацуе сваё здароўе, у вольны час будзе займацца карыснай справай, а не бадзяцца па вуліцы ў пошуку прыгод. Адзін з крытэрыяў, па якіх ацэньваецца дзейнасць ДЮСШ, – выкананне праграмы па аздараўленні выхаванцаў. У летніках дзённага і кругласутачнага знаходжання сёлета аздаравіліся амаль палова ад агульнай колькасці рабят, якія наведваюць спартыўную школу.
А яшчэ за апошнія 2 гады ў нацыянальныя каманды краіны трапілі выхаванцы ДЮСШ Максім Падзіна, Лізавета Кандрацьева, Крысціна Гачко (лёгкая атлетыка), Ірына Трызна (гандбол). Цяпер займаюцца ў Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву Аляксей Буйкевіч і Ангеліна Сліва, Гродзенскім – Алёна Трызна, цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Мінску – Уладзіслаў Пілінога. У складзе каманды “Граніт” (Мікашэвічы) гуляюць ляхавіцкія юныя футбалісты Сяргей Галіцкі, Яўгеній Бурак, Антон Яварчук, Раман Дуганаў, Раман Наздрын. Наша юная футбалістка Анастасія Пабягайла — капітан абласной зборнай каманды па футболе.
— Безумоўна, нашым трэнерам цяжка развітвацца з таленавітымі рабятамі — столькі сіл у іх укладзена. Але спартсменам неабходна расці, удасканальвацца ў майстэрстве, — гаворыць дырэктар ДЮСШ.
Не апошнюю ролю ў спартыўным лёсе выхаванцаў адыгрывае асоба трэнера. Колькі рабят шчыра дзякуюць Аляксандру Гатоўчыцу, Алене Ульянавай, Андрэю Іванюценку, Віктару Богушу, Рашыду Байрашэўскаму, Васілію Бут-Гусаіму за навуку, строгасць і трэнерскую настойлівасць.
Нельга абысці ўвагай фінансавы бок пытання. Заняткі ў секцыях для дзяцей у ДЮСШ бясплатныя. Любому спартсмену, нават юнаму, патрэбна адпаведная экіпіроўка — форма таксама выдаецца бясплатна (на ўсё гэта ідуць бюджэтныя сродкі). Значную дапамогу ў набыцці формы для спартсменаў, мячоў, іншага спартыўнага інвентару аказвае федэрацыя гандбола Беларусі. Удзячны спартсмены, трэнеры, кіраўніцтва і спонсарам, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы, асабліва да рэспубліканскіх і міжнародных стартаў.
Разам з тым хапае і праблем. Калі ў горадзе з напаўняльнасцю груп пытанняў не ўзнікае, то ў сельскай мясцовасці з гэтым цяжкавата. Адчувальны і недахоп маладых трэнерскіх сіл: за апошнія гады на працу ў ДЮСШ уладкаваўся толькі трэнер-выкладчык па футболе Дзмітрый Пішч. Тым не менш ДЮСШ працуе ў звычайным рэжыме. З верасня тут пачаўся новы навучальны год.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.