Раўненне на чэмпіёна.У Ляхавічах спартсмены спаборнічалі на прызы Генадзія Валюкевіча /фота/
Каманднай перамогай ляхавічан завяршыўся 9 турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Генадзія Валюкевіча
Каб здзейсніць скачок, трэба адштурхнуцца. Каб адштурхнуцца, неабходна мець пад штуршковай цвёрдую апору. Гэта калі разважаць буквальна і мінімальна-спрошчана. Калі гаварыць у шырокім сэнсе, будзе правільным замяніць апору на аснову. Факт вядомы, “гавораны”, які, тым не менш, не падлягае пад дэвальвацыю і пры чарговым напаміне: асновай асобы і спартсмена Генадзія Валюкевіча з’яўляецца Ляхавіччына і Ліпск як самабытна-адметны куточак нашага краю. Вучыўся ў школе, набываў першы – самы галоўны – вопыт жыцця, спасцігаў асновы спартыўнай навукі і практыкі. Працяг атрымаўся шыкоўным: узяты ў Ліпску “разбег” вынес земляка на вяршыню спартыўнай Еўропы. У складаным відзе лёгкай атлетыкі – трайным скачку – Генадзій Іванавіч станавіўся чэмпіёнам Еўропы, а лік заваяваных ім рознага кшталту “саюзных” тытулаў і ўвогуле перавышае дзясятак.
Ёсць на кого раўняцца, юнакам і дзяўчатам, якія абдумваюць сваё спартыўнае жыццё. І ёсць дзе — што на асабісты пункт гледжання куды больш важна і больш перспектыўна. Восень. Ляхавічы. Дзіцяча-юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа Генадзія Валюкевіча. Прыведзеная “трыяда” ўспрымаецца ды і з’яўляецца трэндам вось ужо восем гадоў. Дзявяты турнір на прызы майстра адбыўся ў Ляхавічах 10 кастрычніка. Акцэнт на больш раннім тэрміне правядзення турніра, канешне, не выпадковасць – арганізатары ставілі мэтай “вывесці” турнір на адкрытае паветра. Атрымалася як найлепш, чаму вельмі і вельмі паспрыяла надвор’е. Па- летняму камфортнае цяпло, ласкавае сонейка, крыху ветрыку садзейнічалі правядзенню бегавой часткі турніра. Яна складалася з забегаў на 60, 300, 600, 1000 метраў – як сярод юнакоў так і дзяўчат, плюс чатырохэтапная камбінаваная эстафета. Спаборніцтвы па скачках – а ў праграме значыліся трайны і ў даўжыню – праходзілі ў манежы.
На гэты раз прызы Валюкевіча аспрэчвалі 5 каманд: канкурэнцыю гаспадарам-ляхавічанам складалі юныя – не старэйшыя 2001 года нараджэння – атлеты са Столінскага, Ганцавіцкага, Баранавіцкага раёнаў і горада Баранавічы.
Сіла ляхавіцкіх бегуноў знайшла сваё пацвярджэнне і на гэты раз. Уладзіслаў Куніцкі выйграў забег на 300 метраў і стаў другім на дыстанцыі ўдвая больш працяглай. Да перамогі ў бегу на 600 метраў Юрый Тарлюк, у сваю чаргу, дабавіў трэцяе месца на 300-метроўцы. Лепшымі на турніры бегунамі на кіламетровы адрэзак таксама сталі ляхавічане: у спаборніцтве юнакоў першынстваваў Дзмітрый Страмавус, а сярод дзяўчынак – Вераніка Сіцько. Як заўважыў трэнер-выкладчык ДЮСШ Андрэй Іванюценка, калі б існавала намінацыя “адкрыццё турніра”, іменна Вераніка з’яўлялася б галоўным на яе прэтэндэнтам. Парадавала і Таццяна Смірнова, якая паказала самыя ”хуткія” секунды ў бегу на 600 метраў. Як і наш эстафетны квартэт у складзе ўжо адзначаных Тарлюка, Куніцкага, Смірновай і Алесі Русінай.
Скачкі – не канёк ляхавічан, што пацвердзіў і турнір Валюкевіча. Лепшымі ў дысцыпліне майстра сталі Уладзіслаў Дзенісовіч са Столінскага раёна і Уладзіслава Балашова з Баранавіч, якой, дарэчы сказаць, дастаўся і галоўны прыз у скачках у даўжыню.
Разам з экс-чэмпіёнам Валюкевічам узнагароджанне пераможцаў і прызёраў праводзіў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. У якасці ўзнагарод – імянныя турнірныя медалі, граматы, каштоўныя прызы. Напрыклад, лепшыя ў трайным скачку “прымералі” дарагія фірменныя шыпоўкі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.