Дарагія мамы. У Ляхавічах віншавалі любімых матуль /фота/

Віншавалі мам і актывісты БРСМ.

У цэнтры ўвагі 14 кастрычніка былі самыя добрыя, ласкавыя, любячыя і любімыя – мамы, мамачкі, матулі. Гэта яны атрымлівалі віншаванні і кветкі, падарункі і шчырыя ўсмешкі, словы ўдзячнасці ад кіраўніцтва краіны, вобласці, раёна, устаноў і арганізацый і, канешне, ад сваіх дзяцей.

У Доме Урада ў Мінску прайшоў урачысты прыём з нагоды, які сабраў разам шматдзетных маці з розных куткоў Беларусі. Сярод запрошаных і наша зямлячка — намеснік дырэктара гімназіі, маці траіх дзяцей Аксана Гатоўчыц.

У гэты святочны дзень з жанчынамі-маці Брэстчыны,

сярод якіх была і настаўніца СШ № 2 Ляхавічы Ніна Юрчык, сустрэўся старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар.

Прыгожыя віншавальныя падарункі атрымалі і дома, на Ляхавіччыне, нашы зямлячкі. Напярэдадні і непасрэдна ў святочны дзень у арганізацыях, навучальных установах, на прадпрыемствах раёна ладзіліся святы для мам. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адбылася «прамая тэлефонная лінія» са спецыялістамі райвыканкама па жыллёвых пытаннях, пытаннях аховы дзяцінства, аплаты за харчаванне дзяцей у навучальных установах.

Па традыцыі раённае свята адбылося ў ГДК, дзе экспанавалася выстава цудоўных вырабаў, зробленых выхаванцамі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Рабяты і іх педагогі тут жа далі майстар-клас – раскрывалі сакрэты творчасці. Актывісты БРСМ правялі акцыю добрага настрою, а таксама экспрэс-апытанне «Дзякуй маме за…».

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч шчыра жадаў усім маці здароўя, радасці, дабра і натхнення. Ён уручыў Падзячныя пісьмы райвыканкама бацькам-выхавальнікам дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Падарункі мамам, якія нарадзілі двайнятаў, уручыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса. Вітала зямлячак і старшыня раённага жансавета Наталля Мацкевіч.

Самыя цёплыя віншаванні адрасавалі любым матулям вучні СШ № 2. А якая прыўзнята-добрая і па-сямейнаму шчаслівая атмасфера панавала ў зале падчас канцэртнай праграмы: шчымліва і пяшчотна гучалі песні і вершы. Свята атрымалася задушэўным, а цёплы восеньскі дзень стаў яшчэ святлейшым ад шчырай радасці жанчын, каму яно прысвечана.

А на наступны дзень спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра запрасілі ў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 42 маці з прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу на канцэрт-ушанаванне. Ім уручаны падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Падзячныя пісьмы райвыканкама адрасаваны мамам з дамоў сямейнага тыпу Лідзіі Канапельчанка, Марыі Пяткевіч і Святлане Страмавус.

Юлія Герасімовіч, Кацярына Сасім, Анастасія Сліва, Вольга Драгунова – мамы двайнят.

Партрэты мам, намаляваныя дзецьмі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *