Справа «жалезная». Карэспандэнты раёнкі пабывалі ў большасці гаражных забудоў Ляхавічаў

Пра гаспадара дома і падворка, гаража і дачнага ўчастка, кватэры і транспартнага сродка лепш за ўсё раскажа вонкавы выгляд яго маёмасці, пабудоў і стан тэрыторыі вакол. Гаражы для многіх ляхавічан – гэта не толькі “дом” для аўтамабіляў, але складское памяшканне, міні-майстэрня. І калі ўнутр гаража зазірнуць не дазваляецца – прыватная ўласнасць – то тэрыторыю вакол яго без праблем можна ўбачыць.

Гаражных масіваў і кааператываў у райцэнтры каля дзясятка. І далёка не ўсе ўладальнікі клапоцяцца пра добраўпарадкаванасць сваіх аўтамабілясховішчаў і тэрыторыі каля іх.

Карэспандэнты раёнкі пабывалі ў большасці гаражных забудоў горада і пацікавіліся, наколькі “чысты кастрычнік” тут спрацоўвае.

Ля гаражоў па вуліцы Арлоўскага стала значна чысцей і акуратней, смецце каля аўтамабільных “кватэр” знікла, апаўшае лісце пазграбана. У агульную карціну парадка не ўпісвалася куча смецця, у якой капаліся куры. А вось і працяг — пустыя бутэлькі, рэшткі колаў, старыя гаспадарчыя прылады, гума, абгорткі, іншыя рэчы раскіданы вакол амаль пустой скрыні для смецця.

У гаражным масіве па вуліцы Юбілейнай больш дзясятка радоў. Не ўзнікла ніякіх пытанняў да тутэйшых гаспадароў: чыста, падмецена, падкошана, падфарбавана, нават паміж пабудовамі няма нічога непатрэбнага. Паміж першым і другім радамі увогуле чысціня ідэальная. Чым не прыклад для пераймання і не падстава навесці парадак іншым?

Не сапсуе настрою і карціна каля гаражоў па вуліцы Южакова (побач з д/с № 3). Большасць іх гаспадараў (хоць некаторыя загружаюць адходы ў міжраддзі) падтрымліваюць парадак, у тым ліку і тыя, да якіх раней былі пэўныя прэтэнзіі. А вось жыхары блізляжачых дамоў у кустах ля галубятні ўтварылі сметнік і зносяць сюды непатрэбшчыну.

Асаблівага шыку-бляску няма каля гаражоў у канцы вуліцы Южакова. Аднак відаць, што гаспадары-аўтааматары парадак усё ж наводзілі – пазрывалі пустазелле, падфарбавалі дзверы, павывозілі смецце.

У гаражным масіве па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка не ўсё ў ажуры. І справа не ў неакуратнасці і нядбайнасці гаражнікаў. Каля кантэйнера для смецця “паўнацэнны” сметнік. І хоць камунальнікі пастаянна вывозяць гэтыя кучы з гаражных масіваў, жыхары дамоў, якія знаходзяца побач, “стараюцца” таксама з зайздросным пастаянствам. А яшчэ прыязджаюць людзі аднекуль вечарам на машынах і нясуць з багажнікаў смецце мяхамі…

Па завулку Пушкіна размясціліся ўсяго 2 рады гаражоў. Усе тутэйшыя гаспадары сустракаюць зіму чысцінёй і парадкам. Такія адносіны заслугоўваюць пахвалы і пераймання.

На адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама ўздымалася пытанне доўгабуду і беспарадку на новабудоўлі гаражных кааператываў па вуліцы Юбілейнай . Кааператывы там створаны даўно (“АУТА-2009” у 2009 годзе, “Ляхавіцкі будаўнік” — у 2010г.). Аднак будаўніцтва (суббпадрадчыкам “Ляхавіцкага будаўніка” з’яўляецца ПМК-13) хоць і ідзе, але вельмі ўжо няспешна. Зразумела, што пад’езды да гаражоў яшчэ не добраўпарадкаваны, аднак карціна бесгаспадарчасці каля некаторых пляцовак непрыемна ўражвае. Людзі даўно атрымалі ўчасткі пад будаўніцтва. Некаторыя ўзвялі гаражы і пачалі іх эксплуатацыю. Іншыя, мусіць, не збіраюцца нічога рабіць. Бур’ян у рост чалавека, горы пяску, на якіх пачалі расці кусты і нават дрэвы, кучы з рэшткаў будматэрыялаў і старых шын… Узнікае заканамернае пытанне: навошта даваць чалавеку ўчастак, калі ён там нічога не будуе? Можа варта перагледзець спіс членаў кааператыва і вывесці з яго тых, хто не пачынае будавацца? Няма сумненняў, знойдуцца тыя, хто адчувае большую патрэбу для пастаяннай, а не здымнай кватэры для свайго жалезнага сябра. Пытанне да землеўпарадкавальнай, санітарнай, прыродаахоўнай службаў раёна. Напэўна ёсць і адміністрацыйная адказнасць за незавяршэнне будаўніцтва ў адведзеныя тэрміны на прадастаўленым участку?

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *