Справы сямейныя. У Ляхавічах інфармацыйна-прапагандысцкая група сустракалася з калектывам работнікаў ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам на гэты раз сустракалася з калектывам работнікаў ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”. “Вопыт і шляхі рэалізацыі дзяржаўнай сямейнай палітыкі” — тэма, якая цікавіць усіх.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч закранула пытанні стварэння спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей у нашай краіне, вобласці, раёне. Дарэчы, дэмаграфічная сітуацыя на Брэстчыне паляпшаецца, у нашай вобласці зарэгістраваны “плюс” па нараджальнасці. Напярэдадні Дня маці ў абласным раддоме адкрыта новае аддзяленне па выходжванні неданошаных немаўлят. Заканчваецца рэканструкцыя Баранавіцкага радзільнага дома, які абслугоўвае жанчын і нашага раёна. Цяпер з першага дня нараджэння дзіця будзе знаходзіцца разам з маці ў адной палаце.

Пра безадказных бацькоў гаварыў пракурор раёна Сяргей Дзяжко. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што не ў кожнай сям’і ўмовы і мікраклімат на карысць дзяцей. З красавіка ўступіў у дзеянне Закон “ Аб прафілактыцы правапарушэнняў”, які дазваляе прымаць самыя строгія меры да такіх гора-бацькоў (нават да высялення іх з жылля).

Начальнік РАНС Валерый Равінскі спыніўся на пытанні стварэння бяспечных умоў жыцця для сям’і, засяродзіў увагу на тым, што з пачатку года ў раёне адбылося 32 пажары, у якіх загінулі 6 чалавек. Статыстыка вымушае задумацца.

Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні прысутных. Абагуліў прадметную размову з калектывам прадпрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *