На адной хвалі. 29 кастрычніка — дзень нараджэння камсамола. Адзначаюць яго і на Ляхавіччыне
Плошча, будоўля, возера, ініцыятыва, канферэнцыя – усе гэтыя словы можна лёгка аб’яднаць адным вызначэннем: камсамольскі-камсамольская. Напрыканцы кастрычніка ў людзей старэйшага пакалення абавязкова настальгічна сцісне сэрца: 29 чысла – дзень нараджэння ВЛКСМ. Без малога стагоддзе цудоўнай арганізацыі, якая здолела выявіць у юнацтва яго лепшыя рысы. Актыўныя, нераўнадушныя, адказныя, летуценныя, рашучыя, ініцыятыўныя… працягваць можна бясконца. І ляхавічанка Ганна Малевіч робіць гэта з задавальненнем. Значок і членскі білет ВЛКСМ былі ў жыцці яе лёсавызначальнымі. Педагог па адукацыі, Ганна Аляксандраўна шмат гадоў працавала сакратаром райкама камсамола: юнакі і дзяўчаты давяралі сваёй прадстаўніцы і вылучалі яе ў кіруючы орган маладзёжнай арганізацыі.
Тыя загартоўка і настроенасць не пакідаюць нашу дружалюбную зямлячку-аптымістку. З ёй лёгка і цікава, проста і надзейна. Вось і прадаўжальнікі спраў камсамольцаў – бээрэсэмаўцы – ад стасункаў з Ганнай Аляксандраўнай атрымліваюць шмат бясцэннай інфармацыі і пазітыўны настрой, хутчэй нават настроенасць – на добрыя справы. Першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк і навучэнцы каледжа, удзельнікі абласнога этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” Генадзій Міласцеў і Дар’я Басаковіч з задавальненнем дзеляцца сваімі здабыткамі і планамі з Ганнай Малевіч. У іх шмат агульнага: камсамольскае юнацтва, камсамольская ініцыятыва, камсамольская загартоўка, камсамольская тэрыторыя дзёрзкіх планаў і спраў. А ў Ганны Аляксандраўны яшчэ самыя лепшыя ўспаміны, звязаныя з ВЛКСМ, вельмі надзейныя сябры – адтуль, з самай лепшай, незабыўнай пары. Пра гэта яна не стамлялася, дарэчы, расказваць сваім шматлікім вучням, якім выкладала беларускую мову і літаратуру. Але гэта было ўжо значна пазней.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.