Ну, заяц, пачакай! У Ляхавіцкім раёне пачаўся сезон палявання на пушнога звярка
Яшчэ не зіма, але ўжо не пушкінская восень, не вачэй зачараванне – лістапад. Гэта пара ўспрымаецца ды і з’яўляецца своеасаблівым мастком у зіму. Для дзікай фаўны зіма – яшчэ тое выпрабаванне. І хоць у прыродзе ўсё прадугледжана, дапамога чалавека дзікім жывёлам лішняй у такія часы не бывае. Як расказалі ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, работнікі, пазаштатнікі арганізацыі занятыя зараз у тым ліку і тым, каб забяспечыць капытных насельнікаў лясоў соллю. На тэрыторыі ўгоддзяў размешчана больш за сотню так званых саланцоў. Напоўніць іх каштоўным і неабходным ласю, аленю, казулі мінералам – задача чалавека, яго клопат пра дзікую прыроду ў найбольш суровы для яе перыяд.
Не радавы дзень 1 лістапада для аматараў палявання на пушнога звярка. Можна сказаць: ну, заяц, а таксама куніца, ліса, тхор, гарнастай, пачакайце! Сезон працягнецца да 25 студзеня, спосабы палявання – традыцыйна-розныя.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з сайта http://z-wall.ru