Аперацыя “Ы” пачынаецца ў прыёмным пакоі

Каб ведаў, дзе ўпадзеш, саломку б падаслаў, сцвярджае народная мудрасць. Бяда, здараецца, прыходзіць знянацку. І калі справа датычыцца праблем са здароўем, то, безумоўна, большасць грамадзян абавязкова звяртаецца за дапамогай у медыцынскія ўстановы. У сёлетнюю летнюю спякоту работы ў медыкаў прыбавілася і днём, і ноччу. Людзям у белых халатах выпадае не толькі прыводзіць у прытомнасць ахвяр гарачага ў прамым і пераносным сэнсе сонцапёку, апрацоўваць раны і выпраўляць траўмы, але і траціць шмат часу, які сапраўды на вагу золота, на тое, каб дапамагаць прыйсці ў сябе аматарам алкаголю.
За некалькі гадзін знаходжання ля прыёмнага пакоя цэнтральнай раённай бальніцы вечарам 17 ліпеня пабачыла нямала цікавых сюжэтаў.
Сяброўка парэзала нагу, таму ў тэрміновым парадку яе даставілі ў прыёмны пакой. Каля 21 гадзіны акрамя нас больш пацыентаў там не было. Але гэта быў, як аказалася, зацішак перад бурай… Хутка агледзеўшы траўму, дзяжурная медсястра Ганна Папко выклікала ургентнага хірурга Ірыну Мартынецкую, якая праз дзесятак хвілін ужо зашывала рану.
А непасрэдна ў прыёмным пакоі ўтварылася са-праўдная чарга з тых, каго супрацоўнікі міліцыі прывезлі на медыцынскі агляд, каб вызначыць узровень утрымання алкаголю ў крыві, ці па-простаму — ступень алкагольнага ап’янення. Дзяжурнаму ўрачу Канстанціну Марчыку давялося з дапамогай спецыяльнага прыстасавання вызначаць узровень ап’янення ў маладых і не вельмі працаўнікоў некаторых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Усяго за 30-40 хвілін пяцёра прайшлі праз агляд. Паказчык узроўню алкаголю вагаўся ад 1,6 да 2,4 праміле. Мужчына “за 50” растлумачыў стасунак з зялёным змеем даволі звыкла: “Не піў ужо гэту заразу некалькі месяцаў. А сёння жонка сваім лямантам жыцця не давала, вось і выпіў дзве паўтарачкі віна. А яна ўзяла і выклікала ўчастковага, быццам бы я скандаліў”. Яго маладзейшы “калега” ніяк не мог сядзець на месцы ў чаканні сваёй чаргі, звяртаўся з просьбай пазычыць цыгарэтку да пацыентаў бальніцы і не даваў спакою міліцыянеру. Адзін з выпівох нават прапанаваў зусім старонняй жанчыне прайсці замест яго выпрабаванне на прыборы, па-тлумачыўшы: “У цябе менш пакажа, чым калі я дыхну…”
Прапахлую перагарам чаргу да медыкаў спыніла спалоханая жанчына, якая амаль што ўляцела ў прыёмны пакой з маленькім хлопчыкам на руках. Дзіця парэзала ножку, і родныя хуценька прывезлі яго ў бальніцу з Ліпска. Урач-хірург быў яшчэ ў прыёмным пакоі, таму дапамогу хлопчыку аказалі хутка і адправілі дамоў выздараўліваць. Праўда, дапамога спатрэбілася і яго маме, якая ледзь не страціла прытомнасць…
Пакуль сяброўцы адну за другой рабілі ін’екцыі супраць слупняку, хворыя ў прыёмны пакой працягвалі паступаць, перадыху медыкам не было…
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *