Тутэйшыя завядзёнкі, ці Дапамога па адрасе /фота/

Па гэтым адрасе гасцінна запросіць аматараў адпачынку на прыродзе аграсядзіба.

Сярод 122 вялікіх і маленькіх  сельскіх населеных пунктаў раёна – і вёсачка Стральцы. Дзе гэта? Ды “ў сярэдзіне” паміж Крывошынам, Востравам і Галаўнінцамі, у чатырохкіламетровым суседстве з Любейкамі. Некалі гэта было паселішча больш люднае. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тут і школа-васьмігодка працавала (потым яе маштаб да пачатковай зменшыўся, а яшчэ пазней і наогул зачынілі), працяглы час былі ў Стральцах і клуб, і ФАП. Цяпер пра іх напамінаюць хіба што будынкі. А цэнтрам , вакол якога жыццё вёскі канцэнтруецца, стаў дом сацыяльных па-слуг. Вельмі запатрабаваная ўстанова, калі ўлічыць, што абсалютная большасць з паўсотні тутэйшых жыхароў – людзі пераважна шаноўнага ўзросту. Сацыяльны работнік Ірына Зубік для іх чалавек незаменны. Яна і ў святы, і ў будні побач. Будняў, канешне, значна больш. Ірына Паўлаўна наведвае сваіх падапечных, прадукты па іх заказах купіць і прынясе (двойчы на тыдзень у Стральцы прыязджае аўталаўка райпо, тройчы – камерсант са шматлікімі таварамі, а вось стацыянарнага магазіна тут няма даўно), ціск памерае пажылым людзям, прапануе кнігу для душы.

Заходзяць аднавяскоўцы  і ў сам дом сацыяльных паслуг: там для іх кампактная бібліятэка, тэлевізар, можна ў прыемнай абстаноўцы пагаварыць, высветліць хвалюючыя пытанні. Ірына Зубік усёй душою любіць сваіх землякоў і стараецца аблегчыць іх жыццё, паспрыяць у вырашэнні праблем, дапамагчы, як гавораць, канкрэтнаму чалавеку па канкрэтным адрасе.

Яна пераканана, што вызначальнымі рысамі жыхароў гэтых мясцін з’яўляюцца дружалюбнасць, працавітасць, уменне жыць у згодзе. А прыклады ў тэму літаральна ў кожным доме. Вось ветэраны працы Уладзімір і Алена Бярэзічы. Добрыя людзі, выгадавалі пяцёра дзяцей, у любві і ўзаемаразуменні пражылі разам паўстагоддзя – хутка ў іх залатое вяселле. Гэта ж падзея чакае Захара і Вольгу Бярэзічаў, а сям’я Гаўрыіла і Ганны Зубікаў адзначыла яе даўней. Сацработнік Ірына называе прозвішча за прозвішчам. Пра кожнага – добрае слова, як і пра Ніну Зубік, многіх іншых вяскоўцаў, якія сумленна працавалі ўсё жыццё.

Знаёмцеся: адмысловы пячнік Віталій Зубік.

І сёння не адмаўляе ў дапамозе сваім землякам сям’я Леаніда і Ніны Палешчукоў. Хаця і самі яны людзі шаноўнага ўзросту, у гаспадарцы трымаюць каня. А гэта ў вёсцы спрадвеку надзейная і запатрабаваная сіла. І менавіта са сваёй дагледжанай “сілай” Леанід Мікалаевіч ідзе заараць, перавезці што-небудзь людзям-суседзям.

У двух стральцоўскіх дварах трымаюць па кароўцы. Цяжка, канешне, даглядаць рагулю, ды вельмі да малачка дамашняга прывыклі Вольга і Сяргей Альшэвічы, але найбольш — да завядзёнкі: як жа без уласнай кароўкі…

Каларытна выглядае на фоне іншых двароў сядзіба Віталія і Ірыны Зубікаў. Плеценая з лазы агароджа, адмыслова зробленая лавачка пры ёй. У двары – чаго толькі няма! Сапраўдны млынок, калодзеж-журавель, невялічкая сажалка з рыбай, шпакоўні, альтанка, вулічная печ, на якой можна гатаваць што заўгодна – і шашлыкі, і бульбу печаную.

І ўсё гэта зроблена сваімі сіламі, у першую чаргу і галоўным чынам умелымі рукамі гаспадара дома Віталія. Вось ужо хто майстар, дык гэта ён. І доказам не толькі ўласны дом-двор, які, дарэчы, Зубікі мяркуюць зрабіць аграсядзібай, але шмат дзе зробленыя ім печы, пліты, каміны. Рэдкая прафесія ў Віталія Канстанцінавіча і рэдкі талент (бо без яго ў гэтай прафесіі не адбудзешся): ён — пячнік. Рамеснік і мастак у адной асобе. Функцыянальнасць, максімальны каэфіцыент карыснага дзеяння яго печаў ніколькі не саступаюць іх вонкавай непаўторнасці. Сёння гэта называецца дызайнам. Дык вось дызайн аўтарства Зубіка задаволіць любы густ.

Ірына Зубік: першая дапамога вяскоўцам і гаспадыня ўзорнага падвор’я.

Пад дахам дома майстра-печніка і сацыяльнага работніка ўтульна і светла. Абодва сыны Віталія і Ірыны радуюць бацькоў. Адзін пасля будаўнічага ліцэя працуе плітачнікам-абліцоўшчыкам, другі — студэнт, будучы эколаг. А разам яны – звычайная, шчаслівая сям’я.

Людзі ў гэтай вёсцы вельмі цікаўныя і нераўнадушныя. Падпісваюцца многія на раёнку, некаторыя – на “СБ”, “Звязду”, “7 дней”, якія ім дастаўляе паштальён Таццяна Зубік. Радуюцца, калі ў суседзяў добрыя навіны, спачуваюць – калі непрыемныя. І трымаюцца талакой. Некалі большасць з іх працавала ў калгасе “Новае жыццё”. Працавала сумленна – інакш непрывучаны. Даўно ўжо яны пенсіянеры і сёння займаюцца традыцыйнымі справамі па хатняй гаспадарцы. Хтосьці са стральцоўскіх да дзяцей паехаў жыць, але большасць – тут на сваёй маленькай радзіме, горача імі любімай. На святкаванні Дня вёскі яны па праву адчуваюць сябе імяніннікамі. І надзвычай удзячны ўсім, хто пра іх памятае. Лічаць сваімі сябрамі востраўскіх культработнікаў, хор ветэранаў “Сівізна”, сацыяльную службу, медыкаў, да якіх звяртаюцца.

Дарэчы, а чаму ўсё ж Стральцы – не надта распаўсюджаная  назва вёскі? Залужжа, Падлессе, Навасёлкі сустракаюцца ў розных рэгіёнах, а Стральцы значна радзей. Розныя меркаванні ёсць на гэты конт. Магчыма, назву паселішча атрымала па колішнім родзе заняткаў мясцовых людзей: ці не жылі тут у даўнія часы майстры па вырабу стрэл і лукаў? Ёсць яшчэ цікавая версія: Ляхавіцкі і Нясвіжскі замкі ў 1660 годзе былі адзінымі, якія вытрымалі асаду стралецкага палку. Магчыма, нейкія акалічнасці гэтай падзеі і знайшлі адлюстраванне ў назве вёскі. Калі так, то ў 1660 годзе гэты населены пункт ужо існаваў. Але дакладна – на карце “Ляхаўшчына ў 1789 г.” Стральцы пазначаны.

І яшчэ цікавы момант, які называюць мясцовыя старасельцы ды і кніга “Памяць. Ляхавіцкі раён”: тут здаўна было ў пашане кавальства. І параўнальна ў недалёкія гады вясковая кузня была ці не візітоўкай Стральцоў.  Хаця да назвы вёскі даная акалічнасць не адносіцца, як і песеннасць стральцоўскіх жыхароў.

Леанід і Ніна Палешчукі.

Чым яшчэ славілася тутэйшае наваколле, дык гэта багатымі запасамі гліны: да сёння аб промысле нагадваюць вялізныя кар’еры і азёрцы, якія з’явіліся на месцах распрацовак.

…Роўненькая вясковая вуліца, заасфальтаваная. Звычайныя пабудовы – дамы пад шыфернымі дахамі. У агародах усё прыбрана, зямля заарана, дзе-нідзе яшчэ радуюць вока прытуленыя да агароджаў і некранутыя ад гэтага начнымі прымаразкамі кветкі. У заросшым двары “нічыйнага” дома гнуцца пад цяжарам гронак галінкі каліны: якое  ж прыгожае  чырвонае аздабленне.

Восень. Лістапад. Стральцы. Светла на сэрцы ад датыкнення да спрадвечнага – вясковага, непаўторнага, дарагога.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сяргей і Вольга Альшэвічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *