Факт-экспрэс-навіны

ПА АСАБІСТЫХ ПЫТАННЯХ. Учора ў райвыканкаме сумесны прыём грамадзян па асабістых пытаннях праводзілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Майсюк і старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч. Са сваімі праблемамі, пытаннямі і прапановамі на прыём звярнуліся 4 нашыя землякі.

ГРАМАДСТВА. Па стану на пачатак 2010 года ў Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый, 22920 прафсаюзаў і іх аргструктур, 33860 грамадскіх аб’яднанняў і іх аргструктур, 22 саюзы (асацыяцыі) грамадскіх аб’яднанняў, а таксама 84 фонды. Такія лічбы былі агучаны на пасяджэнні калегіі Міністэрства юстыцыі.

АД СЕСІІ ДА СЕСІІ. Як расказала намеснік дырэктара Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Святлана Тарасевіч, сёння ва ўстанове праходзяць апошнія ў гэтым семестры экзамены. З 25 студзеня па 7 лютага каляджане, якія паспяхова здалі сесію, будуць адпачываць на канікулах.

ЮНЫЯ І ТАЛЕНАВІТЫЯ. Па традыцыі ўдала выступілі на абласной выставе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп” выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы. Як паведаміла намеснік дырэктара гэтай пазашкольнай установы Вольга Жытковіч, 37 рознапланавых работ ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак з ільну, саломкі, тканіны, паперы, бісеру, дрэва, прыроднага матэрыялу спадабаліся журы і гледачам выставы, якая экспанавалася ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Па агульных выніках экспазіцыя ЦПР удастоена дыплома ІІ ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. У намінацыі “Лепшая навагодняя кампазіцыя” перамога за калектыўнай работай “Ля дамашняга ачага” выхаванцаў гуртка “Разьба па дрэве” і іх кіраўніка Уладзіміра Ліска. За арыгінальнасць і творчы падыход у выкананні работ адзначаны гурткі “Прырода і фантазія”, “Юны дызайнер”, “Лянок”, а таксама юныя ўмельцы Крысціна Сцепаненка, Зарына Душэўская, Насця Сокал, Маша Дубіна, Саша Лазарава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *