Узорна – гэта як тут, у гаспадарцы Вітко
Не ў момант гаспадарка стала такой, якая яна ёсць – трывалай, эканамічна паспяховай, вытворча дасканалай. Гэта працэс няспынны. Спытайце ў старшыні Аляксандра Вітко пра складальнікі паспяховасці, ён з іх сакрэту не робіць: праца, адказнасць, дысцыпліна і, канешне, калектыў – менавіта калектыўныя праца, адказнасць і дысцыпліна. Сёлета на чэрвеньскай сенажаці з арганізацыяй нарыхтоўкі травяністых кармоў у ”Ляхавіцкім” знаёміўся віцэ-прэм’ер Анатолій Калінін. Яго ацэнка ўмясцілася ў два словы: узорны парадак. Укараненне сучасных тэхналогій на палях і фермах, удасканаленне вытворчасці тут не разавыя акцыі, а пастаянны расклад жыцця. І ўчора, і сёння, і заўтра.
Трохі не дацягнулі ва ўраджайнасці зерневых і зернебабовых да 70 цэнтнераў з гектара – узялі 69,5. І гэта пры даволі сціплай бальнасці тутэйшых зямель. На раённых дажынках гаспадарка сёлета адзначана першым месцам па тэмпах росту валавога збору зерня. Раслінаводства тут у пашане. Класны механізатарскі атрад – сапраўдныя профі. Неаднаразова сваю выдатную агранамічную падрыхтоўку даказваў на справе цяперашні намеснік старшыні СВК Іван Вітко. А яго пераемнік на пасадзе галоўнага агранома Аляксандр Шымкевіч сёлета ў абласным спаборніцтве прызнаны лепшым сярод калег. У час жніва ні адна гаспадарка раёна не магла пахваліцца такой колькасцю сямейных экіпажаў камбайнераў, як “Ляхавіцкі”.
Спрадвеку славяцца сваім майстэрствам тутэйшыя бульбаводы, ды і кукуруза расце на зайздрасць, рапс што трэба.
А там, дзе раслінаводства ў пашане, і жывёлагадоўля – не прыдзярэшся. За 10 месяцаў сёлета надой на карову ў сельгаскааператыве склаў 6386 кілаграмаў, прыплюсавалі 330 кілаграмаў да мінулагодняга. Усяго ж малочная крыніца “Ляхавіцкага” спачатку года “заважыла” 5779 тон, а гэта 107,5 працэнта да леташняга ўзроўню. Калі нехта сумняваецца ў якасных параметрах, то робіць гэта дарэмна: 76 працэнтаў малака “Ляхавіцкі” пастаўляе на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам экстра, 24 працэнты – вышэйшым. Той выпадак, калі лічбы красамоўныя і слоў не патрэбна.
Гэтыя і многія іншыя акалічнасці, паўторым, не выпадковыя. Людзі-працаўнікі, людзі-суседзі — адным словам, калектыў — яны здолелі стаць менавіта калектывам, а не разрозненымі “працоўнымі адзінкамі”. Гэта – на карысць справы. Колькі лепшых сярод лепшых, колькі тых, кім ганарацца землякі, — адсюль, з СВК “Ляхавіцкі”. Гаспадарка многага дасягнула, калектыў дзеля гэтага вельмі пастараўся. І кропку ставіць не варта – таму што працяг ёсць. І будзе.
…Узорна – гэта як тут, у гаспадарцы Вітко.