Малочны «кактэйль»

“Інгрэдыенты” папулярнасці гэтага прадпрыемства: бездакорныя якасць і смак натуральнай прадукцыі, сучасныя тэхналогіі, павага да спажыўцоў, разуменне партнёраў па вытворчасці і… любоў калектыву да сваёй справы.

Як жа прыемна бывае бачыць не толькі дома, але і ў магазінах па-за нашым раёнам малочную прадукцыю ляхавіцкай вытворчасці. Ці на вуліцах абласнога цэнтра, сталіцы пазнаць машыны-халадзільнікі са знаёмай рэкламай ад СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. А як жа карысна гэты смачны асартымент спажываць! І наколькі прывычна-зручна нам, мясцовым жыхарам, набываць яго ў фірменным магазіне “Верас”. Згадзіцеся, гандлёвыя маркі “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок”, “Ляхавіцкае” знайшлі надзейны шлях да сэрца землякоў… праз страўнік. А гэта самы незалежны і аб’ектыўны тэст на папулярнасць. Хаця даволі красамоўныя і шматлікія прызы, дыпломы за перамогу ў конкурсах “Лепшая прадукцыя года”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. Да таго ж наш малочны завод з’яўляецца лаўрэатам прэмій урада краіны і Брэсцкага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці. І ці не самы важкі аргумент – укаранёная тут сістэма ІSО 22000, якая прызнаецца на міжнародным узроўні.

Дырэктар Вячаслаў Жукоўскі на пытанне, як удаецца прадпрыемству паспяхова канкурыраваць на рынку, адказвае:

— Мы трохі хутчэй думаем, трохі хутчэй дзейнічаем, чым нашы канкурэнты. І ўзровень вытворчасці, і якасць прадукцыі забяспечваем высокія. Для калектыву, па сутнасці, няма невырашальных задач. І дэфіцыту ідэй таксама няма – бывае дэфіцыт часу.

Вячаслаў Уладзіміравіч першаснай умовай паспяховасці і галоўным дасягненнем называе стварэнне калектыву. Ён, гэты калектыў, даказаў сваю вартасць, нават у складаных сітуацыях прадпрыемства паказвае стабільна добры вынік. І калі звычайна кіраўнікі нагадваюць пра ўзаемадапамогу ў калектыве, узаемадзеянне, узаемаразуменне, то дырэктар малочнага першым у гэтым радзе паставіў узаемаадказнасць.

— Мадэрнізацыя ў нас фактычна ідзе з 1995 года. Пачыналі з нуля. Была вялізная доля ручной працы, а большасць жа работнікаў – жанчыны, і ім надзвычай цяжка даводзілася. Сёння практычна ад фізічнай працы адышлі, — расказвае дырэктар. – І гэта датычыць усіх падраздзяленняў: цэхаў па вытворчасці цэльнамалочкі, масла, згушчанай сыроваткі, прыёмна-апаратнага, казеінавага, участка дэсертнай прадукцыі.

Галоўны інжынер Аляксандр Клапаток (у цэнтры) і вядучыя інжынер-энергетык і інжынер-механік Сяргей Страмавус і Вячаслаў Плескацэвіч.

За суткі перапрацоўваецца 120-140 тон малака (за год – 46000 тон). Трэцяя частка сыравіны ідзе на вытворчасць цэльнамалочнай прадукцыі, 70 працэнтаў – казеіну і масла. Дарэчы, абсалютна ўвесь казеін – экспартны тавар.

Вытворчасць у стане перапрацаваць большы аб’ём сыравіны. Каб загрузіць магутнасці і атрымаць дадатковы прыбытак, сёлета было закуплена 300 тон вяршкоў у Прыбалтыцы. Да слова, што датычыць сыравіны, то ў мясцовых сельгасвытворцаў узмацнілася разуменне складанасці канкурэнцыі ва ўмовах рынку, і якасць пастаўляемага на перапрацоўку малака значна палепшылася. Узорны ў гэтым плане СВК “Ляхавіцкі”, добрыя і важкія зрухі ў СВК “Жарабковічы”, ДП “Нача”.

Нялішне нагадаць пра тое, пра што сціпла прамаўчаў кіраўнік малочнага завода: усебаковую матэрыяльную падтрымку прадпрыемства аказвае сваім партнёрам па вытворчасці. Маецца на ўвазе набыццё бялковай сыравіны, ветэрынарных прэпаратаў, расходных матэрыялаў – усё гэта патрабуецца для атрымання якаснага малака. Авансуе прадпрыемства і сельгасарганізацыі, калі тыя аказваюцца ў складанай сітуацыі.

Ці трэба гаварыць, што вытворчасць працуе рытмічна? Кожны з 210 членаў калектыву ў адказе за гэта. Пра дакладную дзейнасць участка збыту, казеінавай лініі, інжынернай, тэхналагічнай службаў, вытворчай лабараторыі Вячаслаў Жукоўскі гаворыць асобна. Патрабавальнасць на малочным са “зваротным” кампанентам, дакладней, яна абгрунтавана дадатковымі перадумовамі: каб з людзей спытаць за працу, патрэбна стварыць умовы для гэтай самай працы. Усё, што магчыма, і нават звыш таго – створана. І асартымент з 70 найменняў з самага пачатку і да пастаўкі ў гандлёвыя кропкі выпускаюць на мадэрнізаваным абсталяванні людзі з сучаснай свядомасцю – яны думаюць па-новаму, да справы ставяцца па-новаму, нефармальным чынам адказнасць адчуваюць, як і ўласную прыналежнасць да справы.

Жыццядзейнасць любога прадпрыемства не бывае без праблем і пытанняў. А вось стаўленне да іх часам па некаторых адрасах проста “датыкальнае”. Ні ў якім разе гэта не датычыць ляхавіцкага малочнага завода: бюракратызм тут выкаранены даўно і з коранем. Дарэчы, чытачы “ЛВ” заўважалі, мусіць, як шчыра дзякуюць ветэраны кіраўніцтву прадпрыемства за ўвагу да іх. Дык вось, гэта таксама далёка непаўсюдна практыка чалавечнасці і справядлівай пашаны. А на малочным – толькі так.

Вытворчасць вытворчасцю, але не зазірнуць у фірменны магазін “Верас” немагчыма – застанецца недаравальная недасказанасць у сюжэце. Без перабольшвання, гэта ўзор арганізацыі гандлю не толькі ў раённым маштабе. Багацейшы асартымент, хуткае рэагаванне на пакупніцкі попыт, шматлікія акцыі і прапановы, зайздросны тавараабарот, прадуманы інтэр’ер, зручная выкладка тавараў…— усіх пераваг “верасовых” не пералічыш. Дырэктар малочнага завода гаворыць, што каэфіцыент карыснага дзеяння квадратнага метра гандлёвай плошчы тут вельмі высокі.

— У жыцці, у працы стан душы павінен быць такі, які не дазваляе стаяць на месцы. Нікуды не рухацца – страшна. І крах – калі да гэтага дадаецца самалюбаванне, — дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” заўсёды гаворыць тое, у чым ён перакананы.

…Рашэннем аблвыканкама Вячаславу Жукоўскаму сёлета прысвоена ганаровае званне “Чалавек года” ў галіне эканомікі і фінансаў – за дасягнутыя высокія вынікі і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці па выніках работы за 2013 год. Яго партрэт і на раённай Дошцы гонару, а побач ганаровым радком значыцца і пераможца раённага спаборніцтва – СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».

Вольга БАРАДЗІНА,

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Калектыў вытворчай лабараторыі на чале з Аленай Саладуха.

Інжынер-будаўнік Уладзімір Азімка і будаўнічая брыгада завода.

Калектыў асноўнай вытворчасці на чале з начальнікам Людмілай Скараход (у цэнтры).

Намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Галіна Шастак (справа) з аператарам ЭВМ і спецыялістамі па маркетынгу Ірынай Меснік , Таццянай Рымша і Жаннай Грамак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *