Малако — прадукт стратэгічны
Зразумелі ў СВК “Востраў-Агра”, што развіццё малочнай жывёлагадоўлі – магчымасць мець “жывыя” грошы. І накіравалі максімум намаганняў на навядзенне парадку на фермах, стварэнне добрай кармавой базы як асновы ўсёй справы. Сёння не ў кожнай нават моцнай гаспадарцы назапашана на зіму па 25 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. А ў Востраве іменна столькі: статак не будзе зімаваць галодным.
Памяшканні да зімы падрыхтавалі – уцяплілі, прадэзінфіцыравалі. Ствараюцца ўмовы для жывёлаводаў: бытоўкі адрамантаваны, на Востраўскай ферме ўстанавілі пральную машыну для мыцця спецадзення.
Сёння кожная карова дае штодзённую кілаграмовую прыбаўку ў надоях. Малако вышэйшага гатунку, але жывёлаводы і спецыялісты працуюць над атрыманнем экстры.
Многія вяскоўцы звязваюць добрыя перамены з прыходам у СВК старшыні Аляксандра Істраніна. Ветэрынарны ўрач па спецыяльнасці, ён пачаў навядзенне парадку іменна з жывёлагадоўчай галіны, імкнецца ператварыць яе ў прыбытковую. Упарадкоўваюцца мехдвор, складскія памяшканні. Што датычыць абнаўлення тэхнікі, то пачалі з невялікага: закупілі новыя шыны амаль на ўсе трактары і аўтамабілі. Вельмі клапоціць кіраўніка кадравы патэнцыял гаспадаркі. Каб больш такіх работнікаў, як шафёр Міхаіл Зубік і механізатар Віктар Зубік, працавітыя і адказныя, спецыялісты шырокага профілю.
“Востраў” жыве новымі спадзяваннямі на дзень заўтрашні.