Слоікі вітамінных прысмакаў
Не каштавалі галубцы ад Ляхавіцкага кансервавага завода? Скажам вам – смачна. Калі перабраць багаты асартымент выпускаемай гэтым прадпрыемствам прадукцыі, знойдзецца не адзін рэцэпт, які ідзе на ўра – мясцовыя кансервы многім па гусце, таму карыстаюцца попытам. Салаты, першыя, другія абедзенныя стравы, соусы, сокі, джэмы і варэнне – нязменна запатрабаваныя пакупнікамі. А калі ёсць попыт на прадукцыю, то і выпускаюць яе ў адпаведных аб’ёмах: з пачатку года ў гандлёвыя
кропкі, арганізацыі і ўстановы адпраўлены 21 мільён умоўных слоікаў кансерваў — прыкладна на 62 мільярды рублёў. Да канца года кансерваўшчыкі плануюць паставіць яшчэ 4 мільёны ўмоўных слоікаў.
Яркія этыкеткі, зручныя аб’ёмы ўпакоўкі, але галоўнае, што прыцягвае спажыўцоў, — выраб прадукцыі са сваёй сыравіны. Падсобная гаспадарка завода забяспечвае ёю вытворчасць амаль на 70 працэнтаў ад патрэбнага. Садавіну і агародніну закупляе завод і ў насельніцтва. Сёлета, напрыклад, назапасілі яблыкаў, на якія шчодрымі былі мясцовыя сады. Фермерскія гаспадаркі раёна забяспечылі завод капустай.
На старэйшым прадпрыемстве раёна хоць не хуткімі тэмпамі, але ідзе тэхнічнае пераўзбраенне. Цяпер рэканструюецца памяшканне, а на наступны год плануецца пастаўка на прадпрыемства дзвюх новых ліній – упакоўкі і этыкетыроўкі, што, несумненна, прынясе свае бонусы.
Але галоўнае, чым ганарыцца завод, — гэта людзі, якія працуюць тут сёння, і тыя, хто на заслужаным адпачынку. Кожны год – новыя імёны. Сёння фотаздымак варшчыцы кансервавага цэха Марыі Кулак красуецца на раённай “Галерэі славы”. Перадавікамі спаборніцтва з’яўляюцца Антаніна Мельнікава, Валянціна Грыцкевіч, Валянціна Кузьміцкая, Уладзімір Бакун, Віктар Прыхач, Аляксандр Абрамчык, Іван Бецька і многія іншыя. Кожны з іх на сваім рабочым месцы працуе адмыслова, каб у выніку атрымалася запатрабаваная прадукцыя.
Усім, хто яшчэ не каштаваў кансерваваных галубцоў ці фасолі з агароднінай у таматным соусе, салаты “закусачнай” ці працёртых з цукрам яблыкаў, раім: купляйце ляхавіцкае!