У Іванаве мочаць. І маюць.“ЛВ” пацікавіўся, як забяспечаны гандлёвыя кропкі райцэнтра вітаміннай прадукцыяй
Зіма набліжаецца. Разам з недахопам цяпла чалавек пачынае адчуваць дадатковую патрэбу ў падтрымцы свайго здароўя. Канешне, можна купіць у аптэцы сінтэтычныя вітамінныя прэпараты на любы густ, кошт і розных вытворцаў. Аднак, па добрай і карыснай традыцыі многія нашы землякі аддаюць перавагу натуральным прадуктам, багатым на вітаміны і мінералы, у першую чаргу –садавіне і агародніне.
Правільна зрабілі тыя, хто назапасіў яблыкі і грушы (у свежым і сушаным выглядзе), капусту (свежую і квашаную), буракі, моркву, цыбулю, часнок і г.д. А што рабіць тым, хто не мае ўласнага саду і агароду, ці ў каго мінулагодні ўраджай аказаўся не надта шчодрым? Адпраўляемся на рынак і ў магазіны. Раённыя спажывецкія таварыствы — ляхавіцкае не выключэнне — займаюцца нарыхтоўкай усяго вышэйпералічанага. Зазірнём у магазіны нашага райцэнтра. Ва ўсе часы хапае прыхільнікаў натуральнай прадукцыі — мочаных яблыкаў, салёных агуркоў-памідораў, квашанай капусты. Гэта не толькі смачна і карысна, але і танна.
У магазіне “Родны кут” (больш знаёмы як кругласутачны) па вуліцы Леніна ў невялікіх пластмасавых вядзерцах прадаваліся салёныя памідоры, агуркі, мочаныя яблыкі. Кошт у сярэднім 18-23 тысячы рублёў за кілаграм. Выпушчана гэта прадукцыя Іванаўскім райпо.
У магазіне-кулінарыі “Ласунак” сярод замарожанага асарці з разнастайнай агародніны (напрыклад, сумесь для плова, грыбы) таксама вытворчасці іванаўскіх кааператараў, знайшлася і вітамінная прадукцыя ляхавіцкага райпо – замарожаныя чарніцы і журавіны. На паліцах на першым паверсе магазіна “Родны кут” па вуліцы Леніна (ранейшы Дом гандлю) таксама пераважаюць гэтыя прадукты ад Іванаўскага райпо, ёсць некалькі пластмасавых вядзёрцаў з чарніцамі і журавінамі мясцовай замарозкі. У продажы і прадукцыя нашага кансервавага завода. Праўда, марынаваных памідораў і агуркоў, якія выпускае мясцовы завод, не знайшла. Як патлумачылі прадаўцы, заяўкі на пастаўку менавіта такога асартыменту ў райпо падаюцца пастаянна, аднак яны не заўсёды выконваюцца ў належным аб’ёме.
Гаварыць пра садавіну і агародніну і не зайсці ў магазін “Кааператар” нельга. Апошнім часам палепшыліся прапанова тавараў, іх выкладка і, адпаведна, задавальненне пакупніцкага попыту. Морква, буракі, капуста, цыбуля, бульба, — хапае ўсяго. На выгляд – прывабнае. Тут райпо, а, дакладней, яго нарыхтоўчая служба, спрацавала добра. Кошт прымальны.
Дарэчы, як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Юлія Глобуз, у стабілізацыйны фонд на міжсезонны перыяд 2014-2015 года (з 15 лістапада па 1 чэрвеня) райпо закладзена 110 тон бульбы, 137 тон агародніны, 45 тон яблыкаў. Па словах галоўнага спецыяліста, такога запасу дастаткова, каб ляхавічане былі з садавінай-агароднінай да новага ўраджаю.
Раней спецыялісты засолачнага пункта райпо славіліся прыгатаваннем саленняў і квашэнняў. Вось толькі засолачны пункт спыніў сваё існаванне, мусіць райпо палічыла яго ўтрыманне немэтазгодным.
Убачыўшы на паліцах “Кааператара” вядзерцы з салёнымі агуркамі, зялёнымі і чырвонымі памідорамі, ўзрадавалася: нарэшце! Аднак, радасць за сваіх аказалася нядоўгай: зроблена зноў жа ў філіяле Іванаўскага райпо.
У ляхавіцкім супермаркеце (так многія называюць фірменны магазін СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” “Верас”) — замарожаная прадукцыя беларускіх і замежных вытворцаў. Ёсць у продажы і квашаная капуста, і салёныя агуркі – праўда, з Навагрудка. Вывучэнне пакупніцкага попыту падказвае, што пастаўляць у продаж.
Галіна КАНЬКО.