Запрашэнне на мачанку
Ад гарадской мяжы да гэтай вёскі ўсяго паўтара кіламетра. Літаральна за апошнія гады Патапавічы нібы “падышлі” да Ляхавіч: гэта райцэнтр актыўна пашырае межы. Нязменна на сваім месцы стаяць, як стагоддзямі стаялі, патапавіцкія валуны – таямніца гэтага населенага пункта, якая і сёння цікавіць краязнаўцаў. Дарэчы, тутэйшыя камяні былі занесены ў звод помнікаў рэспублікі. Жыхары Патапавіч ставяцца да іх, як да святыні, нават устанавілі побач крыж. А старажылы вёскі могуць прыгадаць легенду, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Прычым, жыве некалькі варыянтаў аповеду. Аддзел краязнаўства раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы беражліва захоўвае кожны з іх. Напрыклад, такі. ”Сабраліся князі ў ваенны паход, склікалі пад свае харугвы мужчын з бліжэйшых вёсак. Засталіся дома толькі старыя, малыя ды жанкі. Ішоў час. Вярнуўся з таго паходу толькі адзін князь, а ратнікі ўсе паляглі на полі бітвы. Жанчыны працягвалі чакаць сваіх мужоў. Аднойчы напярэдадні Сёмухі сніцца ўдовам адзін і той жа сон, нібы прыходзяць да іх мужы і кажуць: “Цяжка ляжаць у чужым краі. Калі б ты, жонка мая, прыкаціла камень ды паставіла яго ў полі, мог бы і я вярнуцца дамоў…” На досвітку пакацілі ўдовы камяні. Зрабілі насечкі, крыж паставілі, паклікалі святара і адслужылі малебен.”
А гісторыкі звязваюць з’яўленне валуноў з падзеямі 1683 года, калі пад Венай адбылася адна з самых значных бітваў у гісторыі Еўропы (з туркамі), у якой прымалі ўдзел ваяры з тутэйшых мясцін.

Вікенцій Хмарук расцягнуў мяхі гармоніка, а тут і спявачкі: жонка Валянціна, стараста вёскі Соф’я Гадун, суседка Марыя Лойка.
Сёння ў Патапавічах вас гасцінна сустрэне былая настаўніца, цяпер стараста вёскі Соф’я Гадун, якая раскажа шмат сучасных гісторый, звязаных з жыхарамі гэтай вёскі, мясцовымі традыцыямі і звычаямі. Блізкасць да горада заўсёды ўплывала на жыццё патапаўчан, многія з іх працавалі ў райцэнтры. Яны заўсёды імкнуліся прыгожа апранацца – па-гарадскому, упарадкоўвалі свае дамы і двары, сачылі за чысцінёй і парадкам. Патапавічы былі вытворчай брыгадай саўгаса-тэхнікума, тут жылі механізатары, жывёлаводы, паляводы. Сёння тут знаходзіцца малочнатаварная ферма, якая належыць, як і зямельныя ўгоддзі, СВК “Шлях новы”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска праводзіла на фронт сваіх салдат, многіх так і не дачакалася пасля Перамогі. Патапавіцкі стараста расказвае, што гадоў 3 назад непадалёку ад фермы былі выяўлены пахаванні людзей.
— Усёй вёскай мы хадзілі туды, каб расчысціць месца і падрыхтаваць яго да раскопак. Ніхто не адмаўляўся дапамагчы. Як пасля высветлілі эксперты, гэта былі загінуўшыя салдаты Першай сусветнай вайны. Перапахавалі іх з належным ушанаваннем памяці: нашы людзі вельмі нераўнадушныя, спагадлівыя і шчырыя…
Многіх адметнасцяў ранейшых Патапавічаў ужо няма. Спарахнеў і таму разабралі млын, які прастаяў, пэўна, больш як стагоддзе і нібы вартаваў вёску. Ён быў надзейным памочнікам людзям, асабліва ў незаможны час: змолатае зярнятка ператваралася ў хлебны бохан.
Калі не быць прыдзірлівым, то зазначым, што пустуючых дамоў тут не шмат: прыгарад, да Ляхавіч рукой падаць, купляюць людзі сядзібы – хто пад дачу, хто перасяляецца ў Патапавічы з іншых населеных пунктаў. Добрых людзей вёска прымае з радасцю. Сёння тут жыве 170 чалавек, ёсць і маладыя сем’і. Нядаўна пераехала сюды мнагадзетная сям’я Сокалаў — дзяржава дапамагла пабудаваць двухпавярховы асабняк. Цудоўныя людзі, працавітыя, дзетак любяць мудра, выхоўваюць спагадлівымі. Дарэчы, маці сямейства Таццяна некалькі гадоў назад атрымала спецыяльны прыз “Ляхавіцкага весніка” — і за яе мацярынскі подзвіг, і за плённую працу аператарам машыннага даення.
Самі для сябе арганізуюць вяскоўцы святы, іх ініцыятарам часта выступае стараста вёскі. Хоць і здароўе іншы раз падводзіць, аднак 75-гадовая Соф’я Дамінікаўна абыдзе сядзібы, збярэ людзей, удзельнікаў самадзейнасці з райцэнтра запросіць.
Паважаюць у вёсцы Кацярыну Фірусь, Таццяну Смаль, Наталлю Юруць, Раісу Маліхтаровіч, Любоў Зайчанка. Вельмі працавітая і добразычлівая сям’я Марыі і Міхаіла Лойкаў. Яны адзіныя ў вёсцы трымаюць на сваім падвор’і дзве каровы.
Надвячоркам, асабліва летам, любяць тутэйшыя жыхары, а найчасцей вяскоўкі-ўдовы, якіх пераважная большасць, сабрацца на лавачцы, успомніць маладосць і зацягнуць песню, што яшчэ бацькі спявалі. Нязменна дапамагае ім гарманіст-самавучка Вікенцій Хмарук. Яму ўжо 86 гадоў, але душа маладая, як і ў жонкі Валянціны – спявачкі на ўсю вёску. Хораша гучаць галасы — яе і Марыі Хмарук, — слухаць хочацца. У навакольных вёсках ведаюць і пра патапавіцкіх пеўчых Марыю Лойка, Соф’ю Гадун, Валянціну Шрубейка. Аднойчы, расказвае стараста, песні патапавіцкіх жанчын запісвалі на магнітафон – для фанатэкі. З гэтымі вясковымі пявухамі ніколі не працавалі прафесіяналы: у іх спявае душа – прыродны дар.
Засталася ў вёсачцы і даўняя традыцыя, якая ідзе ад дзядоў-прадзедаў: у нядзелю амаль у кожнай хаце на абед гатуецца мачанка з грыбамі, духмяная, наварыстая, і абавязкова аладкі – пышныя, з пшанічнай мукі.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.