Ваша хата не з краю!
Колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў сёлета ў раёне знізілася ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Сярод усіх злачынстваў колькасць тых, што адбываюцца ў бытавых умовах, – не надта вялікая. Аднак, размова ідзе пра сумны вынік працяглых сварак, скандалаў, боек, якія гадамі могуць паўтарацца за зачыненымі дзвярыма. У большасці такіх рэгулярных сямейна-бытавых “баталій” ёсць сведкі – суседзі ці блізкія. Але, рэдка хто з іх, як і, дарэчы, з саміх пацярпелых ці сваякоў, спяшаецца паведаміць у міліцыю ці даваць пісьмовыя паказанні. Многія разважаюць: гэта мяне не датычыцца, няхай сямейныя справы вырашаюць самі. Але ў рэшце рэшт скрытае насілле можа перастаць быць справай вузкага кола людзей: калі ўчыняецца злачынства, то за справу бяруцца супрацоўнікі праваахоўных органаў. Сёлета за 7 месяцаў у РАУС паступілі 24 заявы пра бытавыя канфлікты, 245 паведамленняў у апе-ратыўна-дзяжурную службу пра сямейныя скандалы, з іх 27 – з-за нанясення пабояў.
Падобныя злачынствы цяжка папярэдзіць, бо вельмі няпроста выяўляць і ліквідаваць прычыны і ўмовы іх здзяйснення. Нават у тых выпадках, калі ўдаецца сабраць поўныя матэрыялы па фактах прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў, адміністрацыйны працэс можа спыніцца з-за прымірэння бакоў. Сёлета па 37 такіх зваротах праверка была спынена менавіта ў сувязі з прымірэннем.
Агрэсары застаюцца непакаранымі і потым учыняюць ужо цяжкія злачынствы. Так, сёлета 27 ліпеня 45-гадовы жыхар вёскі Набярэжная падчас сямейнага скандалу ўдарыў нажом свайго 78-гадовага бацьку. З цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі пажылы чалавек дастаўлены на лячэнне ў бальніцу. Супраць сына ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Можна прывесці іншыя прыклады, калі ў якасці адзінага аргумента праваты муж ці жонка, дачка ці сын, бацька ці маці выбіраюць кулакі ці халодную зброю. Даволі часта спачатку міралюбівае святкаванне якой-небудзь падзеі ці проста застолле з нагоды сустрэчы заканчваецца сваркай, а іншы раз і бойкай. Сведкамі іх нярэдка становяцца дзеці. Пра якое выхаванне тут можна гаварыць?
Прафілактыка бытавой злачыннасці ўскладзена на ўсе падраздзяленні органаў унутраных спраў, аднак вядучая роля належыць участковым інспектарам міліцыі.
Абсалютная большасць тых, хто ўчыняе бытавое злачынства, – людзі, якія злоўжываюць алкаголем. Таму эфектыўнай прафілактычнай мерай з’яўляецца частковае ці поўнае абмежаванне ў дзеяздольнасці асоб, якія матэрыяльна не дапамагаюць сем’ям, і ізаляцыя хранічных алкаголікаў. З пачатку года ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі асуджана і накіравана 7 хранічных алкаголікаў, з якіх 4 – абавязаныя асобы, 2 — раней судзімыя і 3 — жанчыны; на лячэнне ў абласную псіхіятрычную бальніцу “Крывошын” адпраўлена 183 чалавекі. Большасць людзей, якім пастаўлены дыягназ “сіндром залежнасці ад алкаголю”, — вяскоўцы. Гэты факт сведчыць пра тое, што ўчастковым інспектарам міліцыі неабходна актывізаваць дзеянні па прафілактыцы і спыненні п’янства і алкагалізму. Адна з умоў эфектыўнай барацьбы з гэтымі правапарушэннямі – адміністрацыйнае і грамадскае ўздзеянне на асоб, якія займаюцца вырабам ці продажам спіртаўтрымліваючых вадкасцяў. За 7 месяцаў 2010 года ў раёне выяўлена 13 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, знішчана 13 самагонных апаратаў.
Пэўную станоўчую ролю ў папярэджанні сямейна-бытавых скандалаў адыгрывае і традыцыйная акцыя “Сям’я без насілля”, якая праводзіцца кожны тыдзень па чацвяргах. Рабочыя групы ў складзе супрацоўнікаў міліцыі, педагогаў, медыкаў, супрацоўнікаў сацыяльнай службы, журналістаў наведваюць неўладкаваныя сем’і, грамадзян і сем’і, якія знаходзяцца на ўліку ў РАУС.
Інфармаванне насельніцтва па пытаннях папярэджання сямейна-бытавой неўладкаванасці, насілля ў сям’і – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці супрацоўнікаў РАУС, кожны з якіх замацаваны за працоўнымі калектывамі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна. Пастаянна распаўсюджваюцца інфармацыйныя бюлетэні і буклеты па папярэджанні насілля ў сям’і, павышэнні ролі сям’і ў грамадстве. На інфармацыйных стэндах ля будынкаў сельвыканкамаў размяшчаюцца звесткі аб асобах, якія прыцягваюцца да адказнасці за незаконны продаж і выраб самагону, парушаюць грамадскі парадак, злоўжываюць спіртным.
Як бачна, прымаецца нямала мер па прафілактыцы сямейна-бытавой злачыннасці. Неабходна, каб і самі грамадзяне былі неабыякавымі да праблем, што ўзнікаюць у сем’ях іх суседзяў, блізкіх ці знаёмых. Трэба выпраўляць сітуацыю на пачатку яе ўзнікнення, а не пускаць на самацёк – да трагічнага фіналу.
Раман ЛЯВОНЦЬЕЎ, ч.в.а. начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.