Жыла- была вёска

Здаецца, уздоўж і ўпоперак абышоў месца, дзе нарадзіўся і застаўся на ўсё жыццё. І ніякіх геаграфічных адкрыццяў на такой маленькай тэрыторыі, як, напрыклад, Ляхавіцкі раён, ужо не зробіш. І вось аднойчы праязджаеш па знаёмых воку і сэрцу мясцінах, глядзіш на раўнюткія ўсходы азіміны і з памяці выплывае зусім іншая карціна. Міраж – абрысы вёскі, якая некалі, не так ужо і даўно, глядзела тут на свет распіснымі аканіцамі, а па вуліцы басанож бегала дзятва з перапэцканымі чарніцамі вуснамі… Гэта пра Астрэйкі. І пра Грудскія, Нізкія, Куляні, Галдовічы… Колькі іх, кропак на карце раёна, што саступілі з жыццёвай сцяжыны. І не стала адраса, на які некалі пісалі лісты, слалі тэлеграмы, выпісвалі газеты, дзе жылі людзі, нараджалі дзяцей.

Возьмем тыя самыя Астрэйкі. У 1789 годзе яны ўпамінаюцца ўжо ў гістарычных дакументах як шляхецкае ўладанне. У 1959 годзе у вёсцы налічвалася 113 жыхароў, у 1970 – 79. Сёння ўраджэнцы Астрэек жывуць у розных кропках і не толькі Беларусі. А вось самой вёскі ўжо няма. Гэта далёка не адзінкавы прыклад.

Сумная, але зразумелая з’ява. Пра неперспектыўныя вёскі ведаем не па чутках. Пра сельскую “ўрбанізацыю” – тым больш: вунь якія шыкоўныя аграгарадкі з’явіліся ў нашых геаграфіях-біяграфіях. Ці можна не радавацца за палепшаны быт, умовы працы земляробаў і жывёлаводаў? Але сёння размова пра іншае – пра тое, каб не стварыць белых плям у недалёкай гісторыі для сябе і для нашчадкаў, каб пазбегнуць няведання нашых мясцовых падрабязнасцяў. Няхай гэтак вызначу праблему, пра якую думала шмат і не толькі я – чула яе ад земляка-калегі сталічнага журналіста Івана Ждановіча. Закрануў тэму на адной з апошніх аператыўных планёрак старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Сутнасць: трэба пазначыць месцы, дзе некалі жылі-былі вёскі. Якім чынам? А вось тут зацікаўлена і творча неабходна падумаць нам, нераўнадушным нашчадкам.

… Не ведаю як каго, а мяне да глыбіні душы ўразіла інфармацыя пра народнага майстра з Пружаншчыны 83-гадовага Мікалая Тарасюка. Ён – адзіны жыхар тамашняй вёскі Стойлы. І здолеў жа сваёй творчасцю разьбяра па дрэве, сваёй нераўнадушнасцю і любоўю да малой радзімы ”падняць” здавалася б непаддымнае – склікаць ураджэнцаў гэтага населенага пункта, а ў дадатак да іх – і шматлікіх удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і народнай творчасці на фэст ”Я родам са Стойлаў”. А што гэта было за дзейства, паказалі відовішчныя тэлесюжэты, захопленыя публікацыі ў друку. Насамрэч, такім чынам , пранікнёна, уразліва, шчыра, прагучала прызнанне ў любві да той, якая і ў неперспектыўныя трапіла, і з адным-адзіным жыхаром давякоўвае адведзенае ёй. Забыццё вёсачцы не пагражае, і гэта здолеў забяспечыць адзін чалавек, якога пачулі, зразумелі, падтрымалі. Уяўляю, як праз дзесяцігоддзі збяруцца прапраўнукі тых, хто нарадзіўся ў Стойлах, і палюбуюцца дзіўнымі драўлянымі скульптурамі аўтарства Тарасюка, магчыма, іншых майстроў, і добрым словам успомняць продкаў, і адчуюць сябе іх працягам. І любоў да вёскі, якой хутчэй за ўсё ўжо не будзе (магчыма, застанецца музейны варыянт), таксама загучыць у іх сэрцах.

У Ляхавіцкім раёне 123 вёскі. Цяпер. А раней іх было значна больш. Старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч успомніў тыя самыя Грудскія, Нізкія, Куляні. У апошніх, напрыклад, у 2002 годзе былі яшчэ 2 двары і 2 жыхары. Меляхам пашанцавала больш – там і сёння жывуць 5 чалавек, у Нівішчы і Хацяжы — па 8. У Новых Будах 17 жыхароў – не верыцца, што ў 1970 годзе насельніцтва вёскі было ў 13 разоў большым. Моладзь імкнецца ў горад, а сюды, да вытокаў, прыязджае на адпачынак, каб праведаць бацькоў, дзядуль-бабуль, каб удыхнуць чыстае паветра і ўбачыць дзённыя зоркі – у ясны дзень у вадзе студні яны неверагодным чынам адбіваюцца. І не хочацца пра аптычныя законы думаць – толькі глядзець на гэты цуд.

Вёскі дзяцінства нашых продкаў, вёскі пасляваенныя — не ўсе яны захаваліся, і гэта закон жыцця. Яму падпарадкоўваюцца не толькі людзі. Дарэчы, чалавеку ўласціва шукаць самыя аптымальныя, мэтазгодныя варыянты, у тым ліку – пражывання. Вёсачку з насельніцтвам у 5 жыхароў утрымліваць больш складана і зусім нятанна. Тым не менш такія вёсачкі ёсць, і едуць у іх аўталаўкі, бываюць медыкі, абавязкова – сацыяльныя работнікі.

Ну а там, дзе на месцы колішняга сяла каласіцца поле ці напамінам пра былое зацвітаюць вясною бэз, язмін, шыпшына, усё ж хацелася б, каб была нейкая адзнака-паметка, што тут жыла-была вёска. Гэта справядліва ў адносінах да гісторыі і людзей, якія адсюль выйшлі і чые карані бяруць пачатак тут. Радство сваё памятаць – гэта так натуральна.

Вольга БАРАДЗІНА.

2 thoughts on “Жыла- была вёска

  • 01/12/2014 в 22:34
    Permalink

    Прочитала и вспомнила свою деревеньку — место детства и юности. Как же было хорошо приезжать к бабушке на блины и картошечку, испечённых в русской печи. Никогда больше таких прысмакаў не ела… Полностью согласна с автором и спасибо ему за такую нужную тему. Обязательно у каждой деревни должен хотя бы свой знак остаться. Как память, как напоминание о предках будущим поколениям.

  • 12/12/2014 в 08:53
    Permalink

    «Радство сваё памятаць — гэта так натуральна»… Цудоўныя словы і вельмі цёпла, нават шчымліва, напісаны артыкул. Як сказала А. Хатэнка, «усе мы з хат, усе мы з цішыні, усе з бабуліных, дзядуліных далоняў». Менавіта таму настолькі блізкія і зразумелыя многім разважанні Вольгі Барадзіной. Менавіта таму так хочацца захаваць успамін пра месца, дзе нарадзіўся або дзе жылі твае продкі. Дзякуй аўтару за хвіліны добрых успамінаў і за цікавы расказ пра тое, як адзін чалавек можа зрабіць многае. Аказваецца, і адзін у полі воін — калі па-сапраўднаму любіць свой родны кут.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *