Дарагое «хобі»
Як сведчаць вынікі рэйдавых праверак Ганцавіцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, некаторыя жыхары нашага раёна так і не навучыліся паважаць прыродаахоўнае заканадаўства. Як паведаміў намеснік начальніка міжрайінспекцыі Сяргей Бабко, 13 лістапада часова непрацуючы жыхар Малога Гарадзішча знаходзіўся каля ракі Мышанка ў раёне аграгарадка Востраў з забароненай прыладай лоўлі – сеткавым экранам (так званым “тэлевізарам”). У жыхара Гуты, які трапіў на вочы інспектарам каля меліярацыйнага канала, былі знойдзены 3 стаўныя сеткі. Парушальнікам аказаўся і баранавічанін, у чыёй машыне ля Мышанкі паблізу вёскі Кулікі ляжаў “павук” (пад’ёмная сетка). Усе яны “зарабілі” адміністрацыйныя пратаколы. Як нагадаў Сяргей Бабко, за знаходжанне ў рыбалоўных угоддзях ці на тэрыторыі на адлегласці аднаго кіламетра ад берагавой лініі з забароненымі прыладамі рыбалоўства прадугледжваецца штраф ад 5 да 30 базавых велічынь.
А вось у дачыненні яшчэ аднаго жыхара Ляхавіцкага раёна вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы за незаконнае паляванне, што пацягнула шкоду ў буйным памеры, і за незаконнае транспартаванне частак забітай дзікай жывёлы. 23 лістапада ў салоне яго “Фальксвагена”, што супрацоўнікі прыродаахоўнай службы спынілі на дарозе Тальмінавічы-Гайнін, былі знойдзены часткі дзіка, а таксама 4 паляўнічыя стрэльбы. Устаноўлена і месца ў лесе, дзе браканьерскі “трафей” разабралі. Пра гэты выпадак у рэдакцыю паведаміў начальнік міжрайінспекцыі Сяргей Крысюк.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота з сайта http://urbanizationproject.org