Хутка ў школу

Сёння сярод самых хадавых тавараў на рынку і ў магазінах – канцылярскія і школьная форма. А гэта азначае, што не за гарамі новы навучальны год. І зусім натуральна, што напярэдадні гэтай важнай падзеі госцем чарговай “прамой лініі “ЛВ” стала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана ЮРЛЕВІЧ.
Пытанне ад “ЛВ”:
– Святлана Іванаўна, як нашы навучальныя ўстановы падрыхтаваліся да новага навучальнага года?

– 1 верасня рабят прымуць 18 школ, 5 комплексаў школа-сад і 19 дашкольных устаноў. На, жаль, з-за малой колькасці вучняў даводзіцца закрыць Куршынавіцкую СШ. Наогул, змяншэнне колькасці дзяцей – сур’ёзная праблема. Яшчэ 5 гадоў назад у школах раёна вучыліся 4122 хлопчыкі і дзяўчынкі, сёлета 1 верасня чакаем, па папярэдніх падліках, 3308. За 5 гадоў у раёне закрылі 3 установы адукацыі. Безумоўна, гэта вельмі сумна…
Тым не менш, як кажуць, жыццё працягваецца. З 9 па 12 верасня школы і садкі трымаюць экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года. І пасля 13 жніўня можна будзе зрабіць высновы пра якасць падрыхтоўкі.
Сёлета праводзіцца капітальны рамонт на 5 аб’ектах адукацыі: у Падлескай і Востраўскай сярэдніх школах, Тальмінавіцкім і Востраўскім дзіцячых садах, у гімназіі райцэнтра. Для правядзення рамонтных работ з розных крыніц фінансавання выдзелена больш за 3529 мільёна рублёў. Падлеская САШ (на яе рамонт і рэканструкцыю выдзелена больш за 1,5 мільярда рублёў) рэканструявана ў дзіцячы сад-сярэднюю школу, прычым работы ў садку ўжо завершаны, як і ў харчблоку; зараз ідзе рамонт даху, замена вокнаў, дзвярэй, асвятлення. Такія ж работы праводзяцца ў будынку Востраўскай школы. У гімназіі, на рамонт якой выдзелена 800 мільёнаў рублёў, замяняюцца вокны, у верасні прыступім да цеплавой рэабілітацыі будынка. Хачу запэўніць, што і ў гэтых трох установах вучэбны працэс пачнецца 1 верасня. Што датычыць названых дзіцячых садоў, то да заканчэння рамонтных работ арганізаваны падвоз дзяцей з іх у бліжэйшыя дашкольныя ўстановы.
Канешне, да чарговай сустрэчы з вучнямі і выхаванцамі рыхтуюцца і ўсе іншыя установы адукацыі. Цэнтралізавана набыта фарба на суму амаль 44 з паловай мільёны рублёў, посуд і вагі на харчблокі – больш як на 40 мільёнаў, на 150 мільёнаў – мэблі, амаль на 25 мільёнаў – спортінвентару, на 13 мільёнаў рублёў – дываноў і г.д.
– Дзень добры. Тэлефаную з вёскі Сваятычы. Аб’явілі, што нашых дзяцей сёлета перавядуць з Жарабковіцкай у Пранчакоўскую школу. Сын у гэтым навучальным годзе заканчвае школу, і такіх, як ён, у Сваятычах трое. У нас просьба: ці нельга нашым дзецям арганізаваць падвоз, каб давучыцца гэты год у Жарабковічах…
Ірына ПАПЧЭНЯ, в. Сваятычы.

– Падвоз дзяцей у навучальныя ўстановы для нас – адно з найбольш актуальных арганізацыйных пытанняў. Што датычыць канкрэтна вашай сітуацыі, то магу супакоіць: для вучняў 11-га класа Жарабковіцкай САШ, якія пражываюць у вёсцы Сваятычы, з 1 верасня будзе арганізаваны падвоз у гэтую навучальную ўстанову. Астатнія школьнікі з вашай вёскі будуць падвозіцца ў Пранчакоўскую школу.
Патрэба насельніцтва ў падвозе дзяцей у школы вывучаецца штогод у маі. У жніўні прымаецца адпаведнае рашэнне райвыканкама, у якім прапісваюцца маршруты руху транспарту і колькасць дзяцей, якія перавозяцца. У мінулым навучальным годзе транспартам аддзела адукацыі падвозілі 740 школьнікаў і 82 дашкольнікі, а таксама 12 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мы стараемся ўлічваць інтарэсы як мага большай колькасці вучняў і іх бацькоў. Тым не менш, нюансы ёсць. Напрыклад, навучэнцы, якія пражываюць на тэрыторыі горада, незалежна ад адлегласці да любой установы адукацыі абавязаны дабірацца на заняткі самастойна – пешшу ці рэйсавым транспартам. Не ўсе бацькі з гэтым згодны…
Для агульнай інфармацыі магу адзначыць, што за апошнія 5 гадоў ад-дзелам адукацыі на долевым удзеле з упраўленнем адукацыі аблвыканкама набыта 10 аўтобусаў для падвозу вучняў ва ўстановы адукацыі, размешчаныя ў аграгарадках (на што было накіравана 278,5 мільёна рублёў з раённага бюджэту і 349,5 – з абласнога), а таксама 2 мікрааўтобусы.
Наогул, сёння прад’яўляюцца вельмі жорсткія патрабаванні да перавозкі людзей. У 2007 годзе мы атрымалі ліцэнзію Міністэрства транспарту і камунікацый на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне аўтамабільнага транспарту.
– Хочам пацікавіцца: ці не збіраюцца ў гімназіі стварыць класы для “звычайных” дзяцей? Згадзіцеся, не ва ўсіх ёсць здольнасці да добрай вучобы. А нам не вельмі хочацца, каб дзеці штодзень дабіраліся да іншай школы, калі літаральна ў двары твайго дома гімназія…
Жыхары вул. Інтэрнацыянальнай, г. Ляхавічы.

– На жаль, парадаваць вас не магу. Пачаткоўцы па-ранейшаму будуць вучыцца тут. А вось у 5-ы гімназічны клас змогуць пайсці толькі тыя рабяты, якія вытрымаюць экзамены. Гімназія ёсць гімназія, вучыцца ў навучальнай установе такога тыпу павінны дзеці, здольныя на добрым узроўні засвоіць адпаведныя праграмы. Такіх у нас нямала. І нейкіх асаблівых талентаў для гэтага, паверце, зусім не патрабуецца. Вучыцеся, старайцеся, прыкладайце пэўныя намаганні – і вас будуць рады бачыць у гімназіі.
Пытанне ад “ЛВ”:
– На колькі востра ў нашым раёне стаіць пытанне з забеспячэннем педагагічнымі кадрамі?

– Па стану на пачатак жніўня ва ўстановах адукацыі раёна заставалася каля 40 вакантных педагагічных ставак. Рэзервам працоўных месцаў з’яўляюцца і тыя, на якіх працуюць педработнікі пенсіённага ўзросту (такіх у раёне 76). Найбольш востра адчуваецца недахоп у настаўніках прадметаў фізіка-матэматычнага цыкла – 13 вакансій, акрамя таго, сярод 76 працуючых пенсіянераў – 22 настаўнікі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі. Што датычыць настаўнікаў пачатковых класаў, беларускай і замежных моў, сацыяльных педагогаў, іх, улічваючы блізкасць Баранавіцкага дзяржуніверсітэта, дастаткова.
Сёлета будуць працаўладкаваны ўсе 15 маладых спецыялістаў, накіраваных у раён па персанальным размеркаванні. Неабходна працаўладкаваць і 15 настаўнікаў з Куршынавіцкай школы, што закрываецца, а таксама каля 10 чалавек, якія атрымалі права самастойнага працаўладкавання і пражываюць у нашым раёне.
Заўсёды радасна і прыемна, калі ў наш вялікі педагагічны калектыў уліваюцца энтузіясты, творчыя, ініцыятыўныя, якія жадаюць працаваць з дзецьмі. Такіх сярод нашых настаўнікаў наогул нямала. Разумеючы ўсе складанасці сённяшняга часу, я ім шчыра ўдзячна за самаадданую работу і любоў да прафесіі.
– Святлана Іванаўна, як можна трапіць да вас на асабісты прыём?
Жыхарка Ляхавіцкага раёна.

– Кожны 1-ы і 3-ці аўторак з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін, кожную 1-ю сераду з 17 да 20 і 1-ю суботу з 8 да 11 гадзін у мяне прыёмны дзень. Канешне, гэта зусім не азначае, што ў іншыя дні я адмаўляю ў прыёме. Разумею, што калі чалавек прыехаў, тым больш з раёна, яго нешта хвалюе, патрэбна дапамога. Не заўсёды ў шчыльным працоўным графіку можна знайсці паўгадзіны на размову, але, магчыма, вас задаволіць і 5 хвілін. Апошнія ж знайсці як-небудзь можна. Адзіная папраўка: графік прыёму, магчыма, будзе мяняцца, так што перад тым, як планаваць прыезд, лепш патэлефануйце ў прыёмную 2-18-59 і ўдакладніце, ці на месцы я.
Пытанне ад “ЛВ”:
– Па якіх крытэрыях найбольш дакладна і справядліва можна меркаваць пра вынікі работы канкрэтнай установы адукацыі: па выніках уступнай кампаніі, колькасці медалістаў і пераможцаў алімпіяд рознага ўзроўню, сярэднім бале выпускнікоў? Ці ўсё ж важней штосьці іншае, напрыклад, жаданне дзяцей і іх бацькоў наведваць менавіта гэту школу?

– Штогод мы вызначаем пераможцаў раённага спаборніцтва сярод устаноў адукацыі за мінулы год. І гэта вельмі добры стымул. Работа школ ацэньваецца па ўсіх накірунках дзейнасці ўстановы адукацыі. Гэта і эфектыўнасць выкарыстання магчымасцяў вучэбна-выхаваўчага працэсу і пазакласнай работы для павышэння якасці ведаў і развіцця навучэнцаў (тут, канешне, улічваюцца і вынікі алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў, і колькасць медалістаў, і сярэдні бал атэстата, і работа з бацькамі, і яшчэ многія-многія аспекты). Гэта, акрамя таго, і ўдасканаленне працоўнага і прафесійнага навучання, і работа па ўмацаванні здароўя (у тым ліку колькасць пропускаў заняткаў па хваробе), і стварэнне ўмоў для творчай работы педагогаў (самаадукацыя, павышэнне кваліфікацыі, мікраклімат у калектыве), і развіццё матэрыяльнай базы (пазабюджэтная дзейнасць, падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона, арганізацыя харчавання і падвозу дзяцей і г.д.), і забеспячэнне аховы працы і бяспекі вучэбна-выхаваўчага працэсу.
І асабіста я пераканана: калі кіраўніцтва і калектыў установы стараюцца ва ўсіх згаданых накірунках, то дзеці і іх бацькі з вялікім жаданнем наведваюць школу ці дзіцячы сад.
На “прамой лініі” працавала Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *