Ферма па-новаму

Галоўная прыкмета сучаснай вёскі — развітая інфраструктура і вытворчая база з новымі жывёлагадоўчымі комплексамі, рэканструяванымі МТФ. Колькасць такіх фермаў павялічваецца. Першым у раёне ўкараніў у малочную жывёлагадоўлю новыя тэхналогіі СВК “Ляхавіцкі”. Ферма з даільнай залай, камп’ютарным кіраваннем, іншым сучасным тэхналагічным абсталяваннем спачатку была адзіным прыкладам эфектыўнага гаспадарання.

Крыху пазней пабудаваў новы комплекс па вытворчасці малака СВК “Шлях новы”: у Навасёлках пачалі даіць кароў у даільнай зале, а спецыяльная камп’ютарная праграма інфармуе пра прадукцыйнасць кожнай рагулі, яе фізіялагічны стан і г. д. Не толькі ўмовы ўтрымання жывёлы на такіх фермах высокаэфектыўныя, але і арганізацыя працы непараўнальна змянілася. Далейшая мадэрнізацыя распаўсюджваецца на малочнатаварныя фермы ў Патапавічах, Літве, Ураджайнай, а таксама на Вялікалотаўскую. Сёння гэта яшчэ адзін комплекс па вытворчасці малака і вырошчванні маладняку, прычым, уся работа арганізавана па новых тэхналогіях. Загадчыца МТФ Валянціна Курловіч нарадавацца не можа ўмовам працы даярак і жывёлаводаў, арганізацыі работа.

— Раней у двух памяшканнях на прывязі ўтрымлівалася 400 кароў, былі і 2 цялятнікі. Малочны статак абслугоўвалі 10 даярак, 8 жывёлаводаў, 2 слесары. Калі даілі па 8 літраў у дзень ад каровы, то гэта было добра, — расказвае Валянціна Курловіч. І параўноўвае з днём сённяшнім: малочны статак “прырос” на 3 сотні кароў, з гэтай гаспадаркай спраўляюцца 3 даяркі – Ніна Русін, Наталля Кісцень, Святлана Міранкова. Раздоем кароў займаецца Таццяна Русін. Напалову зменшылася доля ручной працы, цяпер замест 8 працуе 4 чалавекі, плюс 2 слесары, якія сочаць за функцыянаваннем тэхналагічнага абсталявання. Статак утрымліваецца свабодна, на глыбокай падсцілцы, падзелены на тэхналагічныя групы. Для кожнай распрацаваны свой рацыён кармлення ў залежнасці ад прадукцыйнасці. Сёння на Вялікалотаўскай МТФ кожная карова дае ў дзень па 12,5 кілаграма малака. Штодзень з гэтай фермы гаспадарка адпраўляе на перапрацоўку 6,1 тоны малака – на 23 мільёны рублёў.

Ёсць праблема, над якой узмоцнена працуюць зааветспецыялісты: малако з гэтай фермы прымаецца на перапрацоўку вышэйшым гатункам – да экстры ”не дацягвае”.

Пад кантролем санітарны стан на ферме. Перш чым адправіць малако на завод, бярэцца проба прадукцыі, і на аналізатары якасці, тут жа ў лабараторыі вызначаюцца асноўныя параметры (тлустасць, шчыльнасць, праводзіцца даследаванне на ўтрыманне антыбіётыкаў г. д.). Раз у месяц праводзіцца кантрольная дойка і пробы малака дастаўляюцца ў Івацэвічы, у спецыяльную лабараторыю для вызначэння наяўнасці саматычных клетак.

Ветэрынарныя спецыялісты стараюцца на ранніх стадыях выяўляць захварэўшых кароў, якіх утрымліваюць асобна ад агульнага статка. Перад селекцыянерамі стаіць задача стварыць на ферме малочны статак высокай прадукцыйнасці. Сёлета ад кароў-рэкардыстак атрымалі і выдзелілі ў асобную групу 17 цялушак. Пакуль што ім па паўгода, праз пару месяцаў яны будуць адпраўлены на Ураджайнінскую ферму для дарошчвання, а далей – на аднаўленне статка. Літаральна днямі з Вялікалотаўскай МТФ ужо адправілі 50 адборных жывёлін. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што перад пачаткам зімова-стойлавага ўтрымання тут, у своеасаблівым жывёлагадоўчым гарадку за яркай бетоннай агароджай, “вырасла” тэнтавае памяшканне-арачнік, якое засялілі 250 пастаўленых на дарошчванне цялят. Даглядчыца Алена Буйкевіч размеркавала іх па ўзросце на секцыі і забяспечвае кожную спецыяльным рацыёнам, захоўвае ўсе рэкамендацыі спецыялістаў. Стараецца і Вольга Станчык: яе клопат – 116 нованароджаных цялят, для кожнага з якіх выдзелены свае”апартаменты” — пластыкавыя домікі. Два месяцы яна даглядае маладняк, рыхтуе яго да наступнага этапу – дарошчвання. Новая схема дазволіла скараціць колькасць малака на выпайку цялят, а значыць павысіць таварнасць прадукцыі. Пры гэтым сярэднясутачныя прывагі цялят-малочнікаў склалі 950 грамаў.

Як адзначае галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Максім Гульковіч, “Шлях новы” – з тых гаспадарак, дзе настойліва і эфектыўна працуюць над развіццём жывёлагадоўчай галіны. Пасля далучэння да СВК двух сельгаскааператываў некаторыя вытворчыя паказчыкі знізіліся. Аднак гэта з’ява часовая. Пасля завяршэння рэканструкцыі старых памяшканняў, якія прызначаюцца для ўтрымання рамонтных цялушак, памяшканняў для сухастойных кароў і раздою і іншых, сітуацыя павінна змяніцца. У 2015 годзе плануецца завяршыць будаўніцтва Сакуноўскага жывёлагадоўчага комплексу.

А пакуль СВК “Шлях новы” штодзень адпраўляе на перапрацоўку на малочны завод каля 40 тон малака — прыкладна 30 працэнтаў ад раённага надою.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *