ПАВАЖАНЫЯ ЖЫХАРЫ БРЭСТЧЫНЫ! ДАРАГІЯ ЗЕМЛЯКІ!

Шчыра і сардэчна віншуем вас са знамянальнай датай – 75-годдзем з дня ўтварэння Брэсцкай вобласці.

За гэтыя сем з паловай дзесяцігоддзяў вобласць прайшла няпросты, але напоўнены працоўным і воінскім гераізмам нашых грамадзян шлях.

Так склалася гістарычна, што гораду, які чацвёртым з беларускіх гарадоў прыгадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” і другім пасля сталічнай Вільні атрымаў Магдэбургскае права ў Вялікім Княстве Літоўскім, статус абласнога цэнтра быў нададзены толькі незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 снежня 1939 года аб утварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе Беларускай ССР азнаменаваў сабой новую эпоху ў жыцці заходніх беларусаў.

Але, не паспеўшы памацнець і стаць на ногі, заходнія рубяжы мужна ўсталі на шляху нацысцкай Германіі. Былі гады акупацыі, разрухі і партызанскага супраціўлення, вызвалення і аднаўлення з руін і попелу, калектывізацыі і будаўніцтва прамысловага і сельскагаспадарчага комплексу.

Праца нашых бацькоў і дзядоў, нашы з вамі дасягненні сталі агульным набыткам краіны. Сёння Брэстчыне ёсць чым ганарыцца: гэта жытніца нашай рэспублікі, рэгіён высокаразвітай, перадавой індустрыі. Гэта зямля, на якой жывуць цудоўныя людзі: працаўнікі, майстры сваёй справы – яе гонар і слава. Вобласць уносіць сваю неацэнную лепту ў развіццё беларускай культуры і навукі: у нас знайшлі прапіску буйныя культурныя мерапрыемствы агульнанацыянальнага і рэгіянальнага значэння. Гонарам краіны па праву застаецца нацыянальны парк “Белавежская пушча” – астравок некранутай прыроды і экалагічнай чысціні.

Сёння берасцейцы высока трымаюць ардэнаносны сцяг вобласці і, абапіраючыся на накоплены за дзесяцігоддзі багацейшы вытворчы вопыт і чалавечы патэнцыял, уменне эфектыўна працаваць у новых умовах, упэўнена глядзяць у будучыню.

Тое, што мы маем, створана рукамі нашых продкаў. Тое, што будзе ў нашых дзяцей, — залежыць ад нас.

Шчасця, дабра і дабрабыту вам і вашым блізкім, поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы, дарагія землякі!

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ  САВЕТ ДЭПУТАТАЎ.                     БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ  ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *