Журналісты пабывалі ў казцы
На гэтым тыдні прадстаўнікі СМІ вобласці для абмеркавання пытанняў творчай падрыхтоўкі газетнага нумара з’ехаліся ў старажытны і знакаміты куточак Брэстчыны, прыцягальны для турыстаў, цікавы сваёй гісторыяй — Камянец. Арганізатарамі сустрэчы выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА “Беларускі саюз журналістаў”.
Падчас “круглага стала” ўдзельнікі ”лятучкі” падзяліліся вопытам напаўнення газеты карыснай інфармацыяй, разважалі пра ўплывовасць друкаванага слова.
Напярэдадні навагодніх святаў наведаць адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў Камянеччыны – рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы – добры знак. Сюды прыязджаюць з усіх куткоў свету, каб упэўніцца – цуды і казка сапраўды існуюць. Для газетчыкаў правялі захапляльную экскурсію па ўладаннях Дзеда Мароза. З Белавежскай пушчы кожны павёз дадому добры настрой і перакананасць у тым, што час, праведзены тут, — выдатны адпачынак, у тым ліку сямейны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.