Па рэцэпце. Ажыятажу і чэргаў у ляхавіцкай аптэцы няма, пераканаўся карэспандэнт “ЛВ”

Нетыповае для зімы надвор’е сёлета затрымала пачатак сезона прастудных захворванняў. Па разліках медыкаў, пік іх прыйдзецца на сярэдзіну студзеня — люты. Але ўжо сёння аптэкі гатовы забяспечыць насельніцтва ўсім неабходным для прафілактыкі і лячэння вострых рэспіраторных захворванняў і грыпу

– Каля 60 працэнтаў лекавых сродкаў адпускаецца без рэцэпта ўрача, – расказвае загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Лідзія Каласоўская. – У рэцэптурным спісе толькі тыя прэпараты, прыём якіх павінен строга кантралявацца доктарам. Для зручнасці нашых кліентаў у гандлёвай зале аптэкі размешчаны пералік безрэцэптурных лекавых сродкаў.

Для аблягчэння сімптомаў прастуды і грыпу ў аптэцы, як запэўніла загадчыца, у дастатковай колькасці маюцца безрэцэптурныя прэпараты беларускай вытворчасці. Такія як ОРВІ колд (аналаг тэрафлю); гростудзін, грыпамікс, негрынпін (аналагі фервекса) і іншыя. У продажы супрацьвірусныя і імунамадулюючыя прэпараты, таблеткі для рассмоктвання, гарачкапаніжальныя і абязбольвальныя сродкі, сіропы ад кашлю і прастуды, каплі ў нос, полівітамінныя прэпараты, гамеапатычныя сродкі, лекавыя травы і зборы. Антыбіётыкі ампіцылін, аўгменцін, амаклаў, аспамокс і некаторыя іншыя можна купіць без рэцэпта. Антыбіётыкі новага пакалення без рэцэпта правізары не прададуць.

Ажыятажу і чэргаў у аптэцы няма, пераканаўся карэспандэнт “ЛВ”. Дарэчы, у выпадку часовай адсутнасці лекавага сродку ў аптэцы (пры наяўнасці на складзе, у іншых аптэках) яе супрацоўнікі прапануюць адтэрмінаванае абслугоўванне (рэцэпт пакідаецца ў аптэцы, і на працягу пяці дзён прэпарат дастаўляецца). У выпадку ж немагчымасці забеспячэння пазначанымі ў рэцэпце лекамі па ўзгадненні з доктарам лячэнне працягваецца аналагамі прэпарата.

– Чэргі ў паліклініках з-за новага парадку выдачы рэцэптаў не павялічыліся, – адзначыла загадчыца паліклінікі Валянціна Аўдзей. – Права выпісваць рэцэпт, акрамя доктара, дадзена памочнікам урача (іх у паліклініцы трое), медсястры даўрачэбнага кабінета і загадчыцы аддзялення прафілактыкі. Для параўнання: за мінулы год у паліклініцы выпісана 30100 ільготных рэцэптаў, па стане на 17 снежня – 29040. Кожны тэрапеўт у сярэднім за 11 месяцаў выпісаў каля 1520 ільготных рэцэптаў, памочнік урача – каля 3500. 920 рэцэптаў дастаўлена на дом інвалідам I і II груп, 150 чалавек атрымалі рэцэпты адразу на 3 месяцы. Фельчарам ФАПаў выдаюцца лекавыя прэпараты, якія яны маюць права адпускаць хранічным хворым.

Да ўсіх спецыялістаў паліклінікі вя-дзецца папярэдні запіс, на які выдзяляецца ад 4 да 8 талонаў. Для паўторнага наведвання доктара звяртацца ў рэгістратуру не трэба – медсястра выдае пацыенту талон.

Між тым, парадак выдачы рэцэптаў удасканальваецца. Згодна загада Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня, на рэцэптурным бланку дазволена ўказваць адзін ці два лекавыя сродкі, якія рэалізуюцца за поўны кошт. У выпадку выпісвання прэпаратаў, якія пры прымяненні неабходна раствараць, на бланку рэцэпта могуць быць выпісаны адразу тры лекавыя сродкі, адзін з якіх – растваральнік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *