Забойца шукае ахвяр
Праблема курыльных сумесяў неперабольшаная, хаця б таму, што іх ужыванне пагражае жыццю
Міксы рэкламуюцца як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. На самай справе гэта не так. Тым не менш, курыльныя сумесі набываюць папулярнасць сярод моладзі, продаж актыўна вядзецца, асабліва ў інтэрнэце.
Наступствы ўжывання курыльных сумесяў вельмі сур’ёзныя, ад лакальных рэакцый арганізма, якія ўзнікаюць па прычыне негатыўнага ўплыву дыму на слізістыя арганізма, да рэакцый цэнтральнай нервовай сістэмы. Амаль усе прыхільнікі курыльных сумесяў пакутуюць пастаянным кашлем, узмоцненым слёзавыдзяленнем, маюць хрыплы голас. Пастаяннае ўздзеянне дыму на слізістыя з’яўляецца прычынай развіцця запаленняў дыхальных шляхоў хранічнага характару. Часта развіваюцца хранічныя ларынгіты, фарынгіты і запаленні лёгкіх. Працяглае курэнне такіх сумесяў можа прывесці да развіцця раку поласці роту і гартані, глоткі і лёгкіх.
Уплыў інгрэдыентаў дыму на цэнтральную нервовую сістэму абумоўлівае прывыканне да курэння спайсаў. Могуць праяўляцца розныя рэакцыі: стан эйфарыі, неаргументаваная істэрыка або смех, расстройствы каардынацыі і арыентацыі, візуальныя і слухавыя галюцынацыі, абсалютная страта здольнасці кантраляваць сябе і свае паводзіны.
Пры рэгулярным курэнні спайсаў узнікаюць незваротныя парушэнні дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы. Могуць назірацца няўважлівасць, аслабленне памяці і зніжэнне інтэлекту, з’яўляецца схільнасць да дэпрэсіі і суіцыду. Акрамя таго, курцы спайсаў маюць усе шанцы калі не памерці, то стаць інвалідамі па прычыне цяжкіх паражэнняў ЦНС.
Можа ўзнікнуць і моцная інтаксікацыя арганізма. Пры пранікненні з дымам атрутных рэчываў адчуваюцца млоснасць, частае сэрцабіццё і паднімаецца артэрыяльны ціск, з’яўляюцца спазмы і сутаргі, бываюць ірвота, непрытомнасць і кома.
Сістэматычнае прымяненне такога роду курыльных сумесяў правакуе фізічную і псіхічную адаптацыю, а абстынентны сіндром (або сіндром адмены) праяўляецца ў болях ва ўсім целе, млоснасці, ліхаманцы. Пад пагрозай аказваюцца памяць, разумовая дзейнасць, увага.
Доўгатэрміновае ўжыванне спайсаў аказвае негатыўнае ўздзеянне на пячонку, палавую і сардэчна-сасудзістую сістэмы. А сінтэтычныя канабіноіды ў складзе курыльных сумесяў могуць справакаваць узнікненне ракавых захворванняў і псіхічных расстройстваў.
Па даследаваннях урачоў-нарколагаў, эксперыментаванне з рознымі псіхаактыўнымі рэчывамі, ужыванне лёгкіх і цяжкіх наркотыкаў, уключаючы курыльныя міксы, адносіцца да другой стадыі ўзнікнення фізічнай і псіхічнай залежнасці.
Па сіле ўздзеяння сінтэтычныя канабіноіды ў пяць разоў пераўзыходзяць тэтрагідраканабінол, які ўтрымліваецца ў звычайнай марыхуане і выклікае глыбокую незваротную шызафрэнію.
А цяпер лагічнае пытанне: каму гэта патрэбна? Выбірайце здароўе і жыццё, а не ўяўны кайф, які вядзе да разбурэння асобы і нават да смерці.
Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
урач-гігіеніст.