Такую якасць нельга не заўважыць. Ляхавіцкі малочны завод зноў сярод пераможцаў

З канвеера малочнага завода штодзень сходзяць тоны карыснай і смачнай прадукцыі.

У снежні ў Мінску чарговы раз падвялі вынікі рэспубліканскага грамадскага конкурсу “Лепшая прадукцыя года-2014”. Без перабольшвання, для СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” стала добрай традыцыяй выходзіць у ім пераможцам. На гэты раз лепшым прадуктам года ў намінацыі “малочная прадукцыя” журы назвала мус малочны з напаўняльнікамі “ваніль” і “клубніка”. У намінацыі “ёгурт” дыплом пераможцы атрымала леташняя навінка – ёгурт “Фітнес” 2-працэнтны і “Фітнес” з напаўняльнікам “яблык-банан-мюслі”. Ляхавіцкі кефір тлустасцю 3,2 працэнта, узбагачаны комплексам прэбіётыкаў “імулін”, прызнаны лепшым у намінацыі “кісламалочныя прадукты”, а 28-працэнтная смятана – у намінацыі “смятана”. Заслужаны дадатак да 4 дыпломаў пераможцаў – чарговы гран-пры за стабільна высокую якасць.

На малочным заводзе дакладна ведаюць рэцэпт, як заслужыць давер пакупнікоў: натуральная, заўсёды смачная і якасная прадукцыя. У гэтым, дарэчы, пераканаліся і міжнародныя эксперты: летась Ляхавіцкі малочны завод атрымаў сертыфікат FSSC 22000, які пацвярджае бяспечнасць вытворчасці прадукцыі на ўсіх этапах (ад паступлення сыравіны на прадпрыемства да дастаўкі тавара пакупніку) і прызнаецца ў многіх краінах свету.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *