“Здаровыя” абноўкі. Год назад жыхары Ляхавіцкага раёна атрымалі шыкоўны доўгачаканы падарунак
Здароўе – гэта тое, што перш за ўсё людзі жадаюць адзін аднаму. Таму важна падтрымліваць яго і, калі трэба, атрымліваць неабходную меддапамогу.
Год назад жыхары раёна атрымалі шыкоўны доўгачаканы падарунак – рэканструяваную, мадэрнізаваную паліклініку. На яе абнаўленне з бюджэту было выдаткавана 24 мільярды рублёў. І сёння ўсе адзначаюць: гэта таго каштавала!
Тут прыемна працаваць. Прасторныя кабінеты забяспечаны новым медыцынскім абсталяваннем, зручнай мэбляй. Вялікі плюс – знаходжанне ў адным будынку з паліклінікай аптэкі.
Нядаўна на пастаяннае месца “пражывання” пад дах паліклінікі вярнуліся стаматалагічны артапедычны кабінет і зубапратэзная лабараторыя.
У жаночую кансультацыю для дыягностыкі гінекалагічных захворванняў набыты кальпаскоп. Закуплены яшчэ адзін неабходны прыбор – фетальны манітор для вывучэння ў цяжарных жанчын сэрцабіцця плоду. Кошт такога манітора – больш за 55 мільёнаў рублёў.
Завершаны рамонт інфекцыйнага аддзялення райбальніцы. Яно адрамантавана і абноўлена ў адпаведнасці з усімі санітарнымі нормамі. Гэта каштавала раённаму бюджэту больш за 745 мільёнаў рублёў.
Але новае абсталяванне нішто без кваліфікаваных кадраў. Сёлета калектыў цэнтральнай раённай бальніцы папоўніўся 19 маладымі спецыялістамі, сярод якіх 8 урачоў. Сёння яны, маладыя і энергічныя, на прыёме, у стацыянары, у амбулаторыях раёна,поплеч з вопытнымі калегамі, у якіх вучацца. Мясцовая ўлада зацікаўлена, каб медыкі замацаваліся на Ляхавіччыне. Таму маладыя спецыялісты, хто мае патрэбу ў жыллі, разлічваюць у бліжэйшы час справіць наваселлі.
Як заўважыў галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя на гэтым не заканчваецца, і “здаровыя” абноўкі яшчэ прыемна здзівяць ляхавічан.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.