Тытул абавязвае. Брэст — культурная сталіца
Званне «Культурная сталіца Беларусі – 2015» афіцыйна перайшло да Брэста. Цырымонія перадачы гораду сімвалаў рэспубліканскай акцыі адбылася 12 студзеня ў акадэмічным тэатры драмы ў час урачыстага закрыцця міжнароднага фестывалю класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары».
З прысваеннем Брэсту статусу культурнай сталіцы Беларусі 2015 года брастаўчан павіншаваў міністр культуры Барыс Святлоў. Ён уручыў старшыні гарвыканкама Аляксандру Рагачуку адпаведны сертыфікат і сімвалічную шкляную статуэтку з выявай бусла і герба Брэста.
Брэст стаў шостай культурнай сталіцай года Беларусі. У розныя гады ганаровага тытула былі ўдастоены Полацк, Гомель, Нясвіж, Магілёў. «Сімвалічна, што Брэст прыняў гэту эстафету ў год 70-годдзя Перамогі над фашызмам. Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Таму адным з галоўных мерапрыемстваў акцыі будзе святкаванне 50-годдзя прысваення крэпасці звання «крэпасць-герой», – адзначыў Барыс Святлоў.
Карыстаючыся выпадкам, міністр павіншаваў калектыў мемарыяльнага комплексу з высокай узнагародай – спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.
У Брэсце на 2015 год запланавана правядзенне не менш як 150 арыгінальных рэспубліканскіх і рэгіянальных творчых праектаў, акцый, форумаў, у першую чаргу – да 70-годдзя Вялікай Перамогі.