Па законах добрасуседства. Ляхавіччына ўмацоўвае сувязі з Лэнчыцкім паветам Польшчы /фота/

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Ляхавіцкім раёнам і гмінай Людвін падпісваюць старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і войт Анджэй Хабрас.

15 студзеня, у дзень нараджэння раёна, з дзелавым візітам на Ляхавіччыну прыбыла польская дэлегацыя на чале са старастам Лэнчыцкага павета Раманам Халевам. Першыя крокі ва ўстанаўленні партнёрскіх сувязяў паміж двума рэгіёнамі былі зроблены ў снежні 2013 года. Тады ў нашым райцэнтры падчас візіту дэлегацыі краіны-суседкі былі падпісаны дамоўленасці аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі ў галіне адукацыі, культуры, эканомікі. Пасля плённага пачатку быў плённы працяг – паездка ляхавіцкай дэлегацыі, каляджан на лэнчыцкую зямлю і наведванне нашага краю польскімі партнёрамі падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Цяперашняя сустрэча ў юбілейны дзень прайшла ў цёплай, шчырай і сяброўскай атмасферы. Вітаючы гасцей, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што ўзаемнае супрацоўніцтва наблізіць рэгіёны і зблізіць людзей. Кіраўнік раёна пазнаёміў гасцей з Ляхавіччынай, яе эканамічным развіццём і дасягненнямі землякоў, з гісторыка- культурнай спадчынай. Пра сацыяльную сферу і сістэму адукацыі расказалі намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская.

На адметнасці і славутасцях Лэнчыцкага павета спыніўся яго стараста Раман Халева. Ён заўважыў, што павет, у склад якога ўваходзяць 6 гмін і горад Лэнчна, сельскагаспадарчы. Важны складальнік яго эканамічнага развіцця – вугальная шахта. Але, як кажуць, не хлебам адзіным. У Лэнчна напрыканцы сакавіка пройдзе міжнародны турнір па футболе, на які, па словах старасты, запросяць і 10-11-гадовых спартсменаў-ляхавічан.

Члены польскай дэлегацыі, сярод якіх толькі войт гміны Людвін Анджэй Хабрас не першы раз гасцюе на нашай зямлі, адзначалі развітасць мясцовай інфраструктуры і добраўпарадкаванасць.

Гасцей уразіў факт бязвыплатнага карыстання зямлёй фермерскімі гаспадаркамі і аплаты імі толькі падатку.

Падчас размовы бакі абмеркавалі развіццё сельскай гаспадаркі, асаблівасці вытворчасці дзвюх краін і рэалізацыі прадукцыі, магчымасці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Вынікам сустрэчы стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Ляхавіцкім раёнам і гмінамі Пухачув і Людвін Лэнчыцкага павета. Ад Ляхавіцкага раёна дакумент падпісалі старшыні райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, з польскага боку – войты гмін Пухачув Адам Гжэсюк і Людвін Анджэй Хабрас. Супрацоўніцтва прадугледжвае рэалізацыю сумесных праектаў у межах існуючых праграм, што фінансуюцца з фондаў Еўрапейскага саюза, у сферы культуры, навукі, турызму, прадпрымальніцтва, прэзентацыі рэгіёнаў, аховы навакольнага асяроддзя, кантактаў і абмену вопытам у галіне кіравання і мясцовага самакіравання.

У знак удзячнасці і дружбы прысутныя абмяняліся памятнымі падарункамі. Наперадзе – больш цеснае супрацоўніцтва ў розных галінах жыццядзейнасці, умацаванне сяброўскіх і культурных адносін, рэалізацыя сумесных ініцыятыў і ўзаемавыгадных кантрактаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сустрэча з дэлегацыяй Польшчы на ляхавіцкай зямлі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *