З днём нараджэння, мой раён! Гэтымі днямі адзначаецца 75-годдзе Ляхавіцкага раёна. З чым для землякоў звязана гэта падзея – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Уладзімір ПРАКАПЕНКА,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны, в. Ганчары:

—У далёкім 1947 годзе мае бацькі апынуліся ў Ляхавіцкім раёне. Да іх пасля дэмабілізацыі прыехаў і я. Вайна перашкодзіла атрымаць сярэднюю адукацыю, таму дзясяты клас закончыў у 23-гадовым узросце.
Вырашыў адназначна — буду настаўнікам, паступіў на матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у Мядзведзіцкай школе. З асаблівым гонарам адзначу, якую б прафесію ні выбралі мае вучні
(а сярод іх ёсць медыкі, настаўнікі, нават прафесары і акадэмікі), амаль усе яны, што вельмі важна, сталі прыстойнымі людзьмі.
Я не стамляюся захапляцца Ляхавіччынай. Нядаўна быў у нашым райцэнтры: ён надзіва папрыгажэў, памаладзеў. Прыемна, што мы, ветэраны вайны, адчуваем на сабе клопат дзяржавы, а сённяшнія маладыя з павагай ставяцца да пажылых.
Марыя ПІНЧУК, ветэран працы, г. Ляхавічы:
—70 гадоў мой лёс звязаны з Ляхавіцкім раёнам. Сюды мы прыехалі з мужам у першы пасляваенны год. У людзей было столькі сіл, энергіі, жадання хутчэй адбудаваць, аднавіць разбураную вайной народную гаспадарку. Працавалі, не шкадуючы сіл, часу. Калі я ўзначаліла мясцовую бібліятэку, у кніжным фондзе было ўсяго 80 брашур.
На працягу 8 гадоў кіравала гарвыканкамам. Тады ў райцэнтры будавалі нямала сацыяльных аб’ектаў. Яны і сёння служаць нашым землякам.
Уладзімір САЛАДУХА, ветэран працы, г. Ляхавічы:
—Віншую Ляхавіччыну і ляхавічан з 75-гадовым юбілеем. Памятаю, у 1957 годзе прыехаў па размеркаванні ў Баранавіцкі будтрэст № 25. Тады Ляхавічы нагадвалі вялікую вёску. Першы аб’ект, на якім працаваў майстрам, — райбальніца. Потым былі
СШ № 1, гарадскі Дом культуры і яшчэ дзясяткі дамоў і вытворчых будынкаў. З 1979 года працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва. Шмат аб’ектаў узведзена за гэты час: жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, бальніцы і ФАПы, навучальныя ўстановы, магазіны – усяго і не пералічыць. Прыемна ісці па вуліцах любімага горада і ведаць, што тут ёсць і часцінка тваёй працы.
Васілій РАМАШКА,
урач участковай Крывошынскай бальніцы:

— Менавіта тут, на Ляхавіччыне, пачынаючы з 1986 года, адбылося маё станаўленне як урача. Хварэў разам са сваімі пацыентамі, радаваўся прыемным навінам са сваімі аднавяскоўцамі. Не шмат месцаў давялося памяняць падчас урачэбнай практыкі, але заўсёды — і ў Савейкаўскім санаторыі, а потым і ў Крывошынскай участковай бальніцы, дзе 15 гадоў працаваў галоўным урачом – побач былі шчырыя людзі і выдатныя спецыялісты. З нецярпеннем чакалі ўвядзення ў эксплуатацыю новага будынка Крывошынскай участковай бальніцы. Калі ў лістападзе 2002 года наваселле нарэшце адбылося, гэта была значная падзея для медыкаў, пацыентаў, жыхароў навакольных вёсак.
Радуюся і за сваіх калег, якія клапоцяцца пра здароўе людзей у камфортных, зручных і сучасных умовах у абноўленай райбальніцы, мадэрнізаванай і рэканструяванай паліклініцы. Наваселлі пасля рэканструкцыі спраўляюць фельчарска-акушэрскія пункты і ўрачэбныя амбулаторыі. А яшчэ радуе і натхняе, што з кожным годам прыходзіць усё больш маладых медыцынскіх кадраў.
Ганна ЛОБІКАВА, настаўніца СШ № 2:
— Мая малая радзіма, мой любімы родны Ляхавіцкі раён, з юбілеем!
Падчас вучобы ў гімназіі настолькі захапілася прафесіяй настаўніка, што і сама стала педагогам: у мінулым годзе атрымала дыплом аб заканчэнні лінгвістычнага ўніверсітэта і па размеркаванні вярнулася ў родныя Ляхавічы. Муж таксама з Ляхавіцкага раёна. Наша сям’я і сваю будучыню, і будучыню нашых дзяцей звязвае толькі са сваёй малой радзімай.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *