Слова пра добрага чалавека
Так называлася мерапрыемства, што нядаўна прайшло ў Востраўскім СДК. Вяскоўцы сабраліся на яго, каб ушанаваць цудоўную жанчыну, нашу зямлячку, якая адзначыла прыгожы юбілей. Пра дабрыню гэтай жанчыны, яе чулыя і ўважлівыя адносіны да людзей можна гаварыць бясконца. Віншавалі ў гэты дзень Ніну Барысаўну Аляксандраву.
Жыццёвая дарога сённяшняй юбіляркі не была роўнай і лёгкай. Але Ніна Барысаўна зрабіла ўсё, каб прайсці па ёй дастойна.
Нарадзілася яна ў Казахстане ў сям’і Барыса Мяфодзьевіча і Яўгеніі Мацвееўны Беспрыютных. Калі дзяўчынцы было 7 гадоў, сям’я пераехала ў Беларусь – у вёску Востраў, што на Ляхавіччыне. Атрымаўшы адукацыю ў мясцовай школе, Ніна ўладкавалася працаваць на швейную фабрыку ў Баранавічах. Там сустрэла сваю першую і адзіную любоў – прыгожага хлопца Аляксандра. У шчаслівай сям’і нарадзіліся дзве дачушкі – Наталля і Таццяна. Маладая жанчына за шматлікімі дамашнімі клопатамі знаходзіла час і для вучобы – скончыла Мінскі тэхнікум сувязі. Па спецыяльнасці – старшым механікам тэлефоннай станцыі – служыла ва Узброеных Сілах краіны, мае граматы, была адзначана званнем “Лепшы па прафесіі”. Пакаштавала Ніна Барысаўна і няпростага прадпрымальніцкага хлеба.
Горад не ўсіх вабіць сваёй шумнасцю і мітуслівасцю. Сям’я Аляксандравых у рэшце рэшт пераехала з Баранавіч у Востраў, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва Ніны. Сваімі рукамі пабудавалі прыгожы дом, дзе любяць збірацца сябры, родныя, аднавяскоўцы, пасадзілі сад. Аляксандравых у вёсцы паважаюць і лічаць за сваіх, тутэйшых. Аляксандр Аляксандравіч, які таксама служыў ва Узброеных Сілах, хоць на пенсіі, але не любіць сядзець без справы: уладкаваўся працаваць лесніком у Востраўскае лясніцтва. Ніна Барысаўна вось ужо 10 гадоў працуе ў сістэме спажыўкааперацыі – загадчыцай магазіна. Кожнага пакупніка яна сустракае шчырай усмешкай, заўсёды выслухае, дапаможа падабраць патрэбны тавар.
Павіншаваць цудоўнага чалавека прыйшлі аднавяскоўцы, сябры, родныя і блізкія. Добрыя словы гучалі ад мужа, дачок і іх сем’яў. Віншавалі бабулю ўнучкі Крысціна і Дзіяна, унукі Аляксандр і Улад. Таму што іх вельмі цягне ў бабулін дом, а бабуля іх любіць і заўсёды рада бачыць.
Прымала юбілярка віншаванні брата і сясцёр, якім яна, старэйшая з дзяцей, калісьці замяніла маці.
Сям’я Аляксандравых – сярод самых актыўных наведвальнікаў усіх мерапрыемстваў у мясцовым СДК, таму з віншаваннямі да Ніны Барысаўны звярнуліся і работнікі сельскага Дома культуры.
А яшчэ павіншаваць з юбілеем сваю работніцу прыехала дырэктар “Гасгандлю” Ірына Патоцкая.
У гэты дзень для юбіляркі спявалі салісты СДК Наталля Пташук, Алена Зубік, Раіса Петрашэвіч, Серафіма Караткова, Ірына Войцік. Былі віншаванні, кветкі, падарункі і гонар за добрага чалавека, які жыве побач з намі.
Валянціна ГОЎША, дырэктар Востраўскага СДК.