Як ляхавічане абараняюць сябе ад прастудна-грыпозных непрыемнасцей – тэма чарговага апытання «ЛВ».
Зіма і яе пастаянныя спадарожнікі снег, дождж і халодны вецер прыносяць з сабой нежаданыя сезонныя “падарункі” — прастуду, вострыя рэспіраторныя інфекцыі, грып. То тут, то там сустрэнеш чалавека, які чхае, кашляе ці пастаянна карыстаецца насавой хусцінкай. Як ляхавічане абараняюць сябе ад прастудна-грыпозных непрыемнасцей – тэма чарговага апытання “ЛВ”.
Ала ТУРКІНА, галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ:
— Пачуўшы аднойчы вельмі слушныя парады загадчыцы інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Аліны Іванаўны Курловіч, і сёння стараюся іх прытрымлівацца. Іх жа ўзялі на ўзбраенне мае родныя, сябры і знаёмыя.
Так, нельга дапускаць пераахаладжэння, каб моклі ногі, трэба як мага менш датыкацца рукамі да твару. Вярнуўшыся з работы, прамываю нос мыльным растворам ці растворам паваранай солі: чайная лыжка на шклянку цёплай кіпячонай вады.
Калі хварэе дзіця, інфекцыя тут жа распаўсюджваецца па школе ці дзіцячым садзе. Выручаць аксалінавая мазь і інтэрферон — рэчы незаменныя, правераныя на ўласным вопыце. Як мага радзей трэба наведваць месцы, дзе многа людзей. Здаравей прайсціся пешшу, чым ездзіць на машыне ці грамадскім транспарце. Праветрыванне, вільготнае прыбіранне ў пакоях – без гэтага аніяк у любую пару года.
Пераважная большасць медработнікаў прышчэпліваецца абавязкова. Вакцынацыя – адна з важных перашкод для віруса грыпу.
І пра вітаміны, у тым ліку полівітамінныя аптэчныя комплексы, забываць не варта. А вось бескантрольнага прыёму антыбіётыкаў быць не павінна. Назначаць прэпараты гэтай групы можа толькі ўрач.
Кацярына МАКСІМЧЫК, студэнтка БДПУ:
— Арганізм у мяне малады, імунітэт добры, абавязкова штодзень знаходжу
час заняцца нескладанымі фізічнымі практыкаваннямі, таму амаль не хварэю. Напачатку мінулага года многія мае аднагрупнікі падхапілі прастуду. Мяне інфекцыя абышла бокам. Вырашыла падстрахавацца і ў кастрычніку зрабіла прышчэпку. Спадзяюся, што і сёлета нашы з грыпам шляхі не перасякуцца. Хварэць няма калі – пішу дыпломную работу.
Алег АХРЭМЦАЎ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа:
— Асабіста я ад грыпу і прастуд бегаю — інтэнсіўна займаюся спортам. Кожныя аўторак і чацвер разам з навучэнцамі гуляем у валейбол. Традыцыйна зімой праводзім унутрыкаледжскія спартыўныя спаборніцтвы “Снежны снайпер”. Як толькі закончацца зімовыя канікулы, а надвор’е будзе спрыяць, каманды навучэнцаў і выкладчыкаў паспрачаюцца за перамогу, набяруцца станоўчых эмоцый. А, як вядома, добры настрой стымулюе ахоўныя сілы арганізма.
Што датычыцца вакцынацыі супраць грыпу, то я не прыхільнік яе, лічу, што імунітэт без умяшальніцтва хіміі павінен змагацца з інфекцыяй.
Аддаю перавагу натуральным прадуктам, у прыватнасці агародніне і садавіне: цыбулі, часнаку, лімонам. Такая “вакцына” не падвяла мяне яшчэ ні разу.
Таццяна ЧАЙКОЎСКАЯ, маці траіх дзяцей:
—Упэўнена, што лепшы сродак ад грыпу і розных рэспіраторна-вірусных захворванняў – прафілактыка. Не першы год карыстаюся правераным спосабам для дзяцей: кладу ў аромакулон дробна парэзаны часнок. Калі гаварыць пра аптэчныя прафілактычныя прэпараты, то ў нашай сям’і аддаюць перавагу арбідолу. Не забываемся і пра натуральныя вітаміны — ківі, мандарыны, лімоны, журавіны і г.д. Да таго ж, са свайго прысядзібнага ўчастка яшчэ летам назамарожвалі ягад, кропу, рознай агародніны. Шмат вітамінаў у яблыках, тым больш са свайго саду.
Упэўнілася на вопыце ўсёй нашай сям’і: свежае паветра і імунітэт умацуе, і з хваробай дапаможа справіцца, і сон пасля прагулкі мацнейшы.
Я не противница прививок против гриппа, но всё же предпочтение отдаю народным методам профилактики. Например, с удовольствием использую смесь эфирных масел: подышал их парами несколько раз в день и защищён. А для детей можно несколько капель капнуть на шарф или ворот одежды— пусь вдыхает на здоровье. Проверено— опытом.