Грып на парозе

У снежні-студзені на тэрыторыі Брэстчыны, у тым ліку ў Ляхавіцкім раёне, сітуацыя з распаўсюджанасцю грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый дастаткова спакойная. Уздым захворвання чакаецца напачатку лютага.

Эфектыўным спосабам прафілактыкі грыпу з’яўляецца імунізацыя насельніцтва. У 2014 годзе прышчэпку супраць грыпу ў раёне атрымалі 11544 чалавекі — за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Як і ў мінулыя гады, бясплатна прышчапіліся тыя, у каго ёсць рызыка развіцця цяжкіх паслягрыпозных ускладненняў. Гэта асобы, якія маюць розныя хранічныя захворванні сардэчна-сасудзістай, дыхальнай і эндакрыннай сістэм, парушэнні функцыі нырак, людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і г. д.

Грып — адзінае на сённяшні дзень інфекцыйнае захворванне, якое выклікае эпідэмію. Менавіта грып займае першае месца сярод прычын часовай непрацаздольнасці. Ён небяспечны сваімі ўскладненнямі: пнеўманіямі, бранхітамі, атытамі, сардэчна-сасудзістымі хваробамі і запаленчымі працэсамі розных органаў і сістэм.

Гэта інфекцыйнае захворванне працякае часцей за ўсё з высокай тэмпературай, агульнай слабасцю, інтаксікацыяй арганізма і абавязкова патрабуе лячэння. Пры такім дыягназе ўрач адразу дае хвораму вызваленне ад работы ці вучобы і прадпісвае пасцельны рэжым. Па-першае, каб аблегчыць стан хворага і звесці да нуля ўскладненні грыпу, па-другое, каб інфекцыя не распаўсюджвалася далей.

Пакой, дзе знаходзіцца хворы, трэба рэгулярна праветрываць (3-4 разы ў суткі па 20-30 хвілін) і рабіць у ім вільготнае прыбіранне. Пры размове, кашлі хворага вакол яго ўтвараецца своеасаблівая “забруджаная зона” з высокай канцэнтрацыяй патагенных вірусаў. А праветрыванне памяшкання змяншае іх утрыманне ў паветры на 80-90 працэнтаў.

Карысна паставіць у пакоі талерачку з надзёртым часнаком. Ён выдзяляе фітанцыды, сіла ўздзеяння якіх на бактэрыі і вірусы параўнальная з уздзеяннем высокіх тэмператур.

Як вядома, хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да грыпу. З мэтай прафілактыкі дзецям карысна закапваць у нос лейкацытарны інтэрферон (па 5 кропель у кожную ноздру 2 разы ў суткі з інтэрвалам не менш за 6 гадзін), дарослым — ужываць рэмантадзін ці арбідол (па 1 таблетцы ў дзень), можна таксама і дарослым і дзецям 2-3 разы ў дзень змазваць слізістую носа 0,25-працэнтнай аксалінавай маззю.

Каб не захварэць на грып і не падчапіць ВРВІ, раю ўсім весці здаровы лад жыцця, не забываць пра загартоўку і здаровае харчаванне (аддаваць перавагу садавіне і агародніне, асабліва налягаць на журавіны, лімон, цыбулю, часнок, чорную рэдзьку, варэнне з чорных парэчак), не забываць пра вітамінныя комплексы. Станоўчыя эмоцыі і добры настрой — нязменныя спадарожнікі здароўя чалавека, бо дапамагаюць супрацьстаяць розным хваробам.

Калі ўсё ж грып напаткаў вас, не варта займацца самалячэннем. Неабходна звярнуцца за кваліфікаванай кансультацыяй да спецыялістаў. Так вы захаваеце ўласнае здароўе і не прынясеце небяспеку навакольным.

Васілій СКАРАХОД,

урач-эпідэміёлаг РайЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *