Сам сабе дырэктар
І дырэктар, і бухгалтар, і маркетолаг, і забеспячэнец у адной асобе… Ставім шматкроп’е, паколькі пералік гэты не з’яўляецца поўным, не замыкае кола ўсіх тых абавязкаў, што ў розных ступенях ускладае на сябе чалавек, які арганізуе сваю справу. Бярэцца запусціць нейкі камерцыйны праект, як модна зараз гаварыць. Акрамя даволі шматпрофільнай дасведчанасці, ведання рынку, умення “будаваць” адносіны ў калектыве і з дзелавымі партнёрамі да безумоўных рыс такіх людзей адносяцца энергічнасць і ініцыятыўнасць. Іменна гэта і з’яўляецца асабліва блізкай “расшыфроўкай” слова прадпрымальніцтва.
Пытанні прадпрымальніцтва, прыватная ініцыятыва, так званы малы бізнес у разрэзе Ляхавіччыны і сталі тэмай гутаркі карэспандэнта “ЛВ” з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімірам ДЗЯЖУРНЫМ.
— Уладзімір Уладзіміравіч, існуюць розныя меркаванні наконт эканамічнай ролі і месца, сацыяльнай значнасці індывідуальных прадпрымальнікаў і малых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Часам — абсалютна супрацьлеглыя. Якім будзе Ваша меркаванне?
— Як і ў цэлым па краіне, прадпрымальніцтва ў Ляхавіцкім раёне, у тым ліку малы і сярэдні бізнес, адыгрывае важную ролю ў сацыяльным і эканамічным развіцці рэгіёна, садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, пашырае сферу паслуг, уплывае на стабільнасць эканомікі.
— Кажуць, каб стаць прадпрымальнікам, трэба ім нарадзіцца. Згодна некаторых статыстычных даных, на адкрыццё і вядзенне ўласнай справы здольныя прыкладна 10 працэнтаў грамадзян. Наколькі справядлівая гэтая выснова ў дачыненні нашых землякоў? Наколькі мы актыўныя і дзелавыя?
— Той, хто ідзе ў малы бізнес, павінен мець агульнае ўяўленне аб бухгалтарскім уліку, нормах вядзення дакументацыі, заканадаўстве, канешне, добра ведаць сваю справу. Акрамя таго, патрэбна ведаць рынак тых тавараў альбо паслуг, вытворчасцю ці аказаннем якіх вы маеце намер займацца. Гэта як мінімум. І гэта няпроста. Да таго ж, прадпрымальніцкая дзейнасць патрабуе ад чалавека і пэўных асобасных характарыстык.
Наконт таго, што прыватным бізнесам здольна займацца ўсяго 10 працэнтаў грамадзян, а не больш ці менш, ні сцвярджаць, ні абвяргаць не буду. Магу, аднак, адзначыць, што на тэрыторыі нашага раёна з кожным годам павялічваецца колькасць малых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. А колькасць занятых у сферы малога прадпрымаль-ніцтва работнікаў складае некалькі больш за 11 працэнтаў ад увогуле занятых у эканоміцы раёна.
— Колькі сёння малых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці дзейнічае ў раёне?
— Па стану на 1 жніўня бягучага года ў раёне дзейнічаюць 93 малыя прадпрыемствы, з якіх 2 прадпрыемствы, з удзелам замежнага капіталу, 20 фермерскіх гаспадарак. Акрамя таго, працуюць 405 індывідуальных прадпрымальнікаў.
За 7 месяцаў сёлета на Ляхавіччыне зарэгістравана 11 малых прадпрыемстваў, у тым ліку – 2 фермерскія гаспадаркі. Такая ж колькасць малых прад-прыемстваў і фермерскіх гаспадарак, дарэчы, была зарэгістравана за 2009 год.
Да сказанага можна дадаць: колькасць работнікаў, што заняты ў прадпрымальніцтве, складае 1338 чалавек. Гэта, як ужо адзначалася, раўняецца 11,4 пра-цэнта эканамічна актыўнага насельніцтва раёна.
— На чым найчасцей спецыялізуюцца нашы прадпрымальнікі? Якія ў іх прыярытэты: вытворчасць, гандаль ці нейкая іншая пасрэдніцкая дзейнасць, работа ў сферы паслуг, нешта іншае?
— Усё пералічанае, як кажуць, у наяўнасці. Існуючыя на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна малыя прадпрыемствы спецыялізуюцца на разнастайных відах дзейнасці. Напрыклад, 28 прадпрыемстваў займаюцца рознічным гандлем, вытворчасцю тавараў народнага спажывання заняты 24 прадпрыемствы, столькі ж – вытворчасцю сель-скагаспадарчай прадукцыі, будаўнічы бізнес у 5 прадпрыемстваў, а аказаннем рознага роду паслуг заняты 12 малых прадпрыемстваў.
— Выйсці са сваёй прадукцыяй на знешні рынак вельмі няпроста нават дзяржаўным прадпрыемствам-гігантам з брэндавай маркай, не кажучы ўжо пра МП. Якія з прыватных камерцыйна-арганізацыйных структур нашага раёна могуць пахваліцца экспартнымі сувязямі? І наколькі паспяховая іх знешнеэканамічная дзейнасць?
— Што тычыцца прадстаўнікоў малога бізнесу раёна, якія экспартуюць сваю прадукцыю, можна назваць 3 прадпрыемствы. Усе яны з’яўляюцца таварыствамі з абмежаванай адказнасцю: “Трансэлектракамплект”, “Інтэрлак”, “Ляхавічыдрэў”. У гэтым накірунку ТАА працуюць з рознай ступенню паспяховасці і ўжо даволі працяглы час.
— Мабыць, ёсць на Ляхавіччыне пэўныя эканамічна-гаспадарчыя “нішы”, што недастаткова ахоплены прадпрымальніцкім інтарэсам. На Ваш погляд, куды прыход бізнесу асабліва пажаданы, дзе ў раёне найбольшы патэнцыял развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы?
— Зыходзячы з таго, што апошнім часам і ў горадзе, і ў раёне інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва – як жылых дамоў, так і вытворчых аб’ектаў, – хацелася б бачыць больш прадстаўнікоў малога прадпрымальніцтва ў будаўнічай сферы. Арганізацыя прыдарожнага сервісу таксама на сённяшні дзень з’яўляецца незанятай нішай.
— Які канкрэтны ўклад прыватнага сектара Ляхавіччыны ў эканамічнае развіццё раёна?
— Калі гаварыць пра канкрэтны ўклад у эканамічны патэнцыял раёна, то назаву наступную лічбу: за 7 месяцаў бягучага года ўдзельная вага паступленняў у бюджэт раёна ад прыватнага сектара склала 22,4 працэнта.
Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.